Магілёўская дабрачынная грамадская арганізацыя «Водгук» сумесна з праваабаронцамі з БХК патрабуюць правесці экалагічную экспертызу і ліквідаваць парушэнні пры фільтрацыі на прадпрыемстве.

18 снежня. Вейна. Алесь Святліцкі


Актыў МГБГА «Водгук» і РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» апавясцілі пра пачатак кампаніі «За здаровы Магілёў». У яе межах актывісты абвясцілі збор подпісаў з патрабаваннем правесці новую экалагічную экспертызу завода «Омск Карбон – Магілёў». Як распавёў каардынатар кампаніі Андрэй Бодзілеў, яны з калегамі таксама патрабуюць ліквідаваць парушэнні ў фільтрацыйных і ачышчальных сістэмах вытворчасці.

Яшчэ адзін пункт, на якім настойваюць актывісты – рэгулярнае інфармаванне насельніцтва аб экалагічнай сітуацыі ў населеных пунктах, якія размешчаны побач з «Омск Карбонам».

– Літаральна ў кастрычніку запусцілі завод па вытворчасці тэхнічнага вугляроду. І ўжо пасля першага запуску мы можам назіраць на падваконніках жыхароў сажу, тонкі пласт. Складана казаць без тэхнічнай і экалагічнай экспертызы, наколькі гэта шкодна, але ўлічваючы, што тэхвуглярод і яго вытворныя адносяцца да II класа небяспекі, можна сказаць, што пагроза насельніцтву Вейна і Магілёва вельмі сур’ёзная, – заявіў Бодзілеў у відэа на сваёй старонцы ў Facebook.

Па словах актывіста кампаніі, «Омск Карбон» быў пабудаваны і запушчаны ў кастрычніку 2018-га са шматлікімі парушэннямі.

Пры норме адлегласці больш за 1000 метраў, жылыя дамы пасёлка Вейна размешчаны ў самой зоне на адлегласці 873 метра. Пры патрабаванні азелянення санітарнай зоны ў 40%, зялёныя насаджэнні высаджаны на плошчы менш за 10%. Пры патрабаванні забароны на сельгасвытворчасць, у самой зоне ў 200-х метрах ад завода знаходзяцца сельгасугоддзі, – паведаміў Бодзілеў.

Але самае галоўнае, упэўнены ён, гэта тое, што ў Вейна, дзе размешчаны завод, шмат новых жылых дамоў, дзе пражываюць маладыя сем’і з дзецьмі.