Магілевец Аляксандр Хамратаў просіць мясцовыя ўлады даць прававую ацэнку дзясяткам трыкалораў, якія з’явіліся ў горадзе да пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы.
13 траўня. Магілеў. Ігар Лазоўскі
12 траўня Магілеў стаў месцам сустрэчы палітыкаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Абласны цэнтр, сярод іншых, наведалі з візітамі кіраўнік расійскага ўрада Дзмітрый Мядзведзеў, беларускі прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў і прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
Спецыяльна да мерапрыемства цэнтр Магілева багата ўпрыгожылі расейскімі сцягамі, што выклікала абурэнне часткі гараджан. Адзін з іх, Аляксандр Хамратаў, запатрабаваў 13 мая тлумачэнняў у гарвыканкаме праз электронны зварот:
– У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. 12 траўня 2016 года па вул. Першамайскай разам са сцягамі Беларусі віселі сцяжкі бел-сіне-чырвонай расфарбоўкі, як відавочна, РФ. Прашу Вас растлумачыць, ці дазволена дзеючым заканадаўствам размяшчаць на вуліцах, на дзвярах «Могилевсоюзпечати» дзяржаўную сімволіку чужых краін і дзяржаў? Калі так, то прашу паказаць гэты нарматыўны акт.
У каментары нашаму сайту Хамратаў патлумачыў свае дзеянні тым, што ен – патрыет, і сцягі чужой дзяржавы ў цэнтры ягонага горада выклікалі непрыемныя эмоцыі.
Адзначым, што стаўленне да расейскага триколору ў мясцовых уладаў аказалася лепш, чым да нацыянальных сімвалаў беларусаў. Нагадаем, што пры ўсталеўцы святлодыедных гербаў горада на ўездзе ў Магілеў вясной гэтага года ўлады «забыліся» ўставіць туды важную частка – эмблему «Пагоні». Дамагчыся справядлівага і актуальнага варыянту выявы ўдалося толькі дзякуючы ўважлівасці праваабаронцаў і рэакцыі СМІ.