Зноў праблемы з галоўным даўгабудам горада?

5 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – «Беларусь 4 Магілёў»


У канцы мінулага тыдня некалькі медыя, якія кіруюцца дзяржаўнымі структурамі, заявілі аб тым, што новы корпус Беларуска-расійскага універсітэта ўвядуць у строй 6 лістапада. Навінамі пра гэта адзначыліся ІА «Магілёўскія ведамасці», сайт аблвыканкама і некалькі іншых СМІ.

Аднак ужо на выходных інфармацыя знікла з усіх сайтаў. На дадзены момант навіну памятае толькі кэш Гугла. На сайце «Магілёўскіх ведамасцяў» пазначана, што доступ па спасылцы, якая раней вяла на публікацыю пра БРУ, цяпер забаронены.

Магчыма, ўсплёск цэнзуры нейкім чынам звязаны з тым, што ў дзень увядзення ў строй корпуса БРУ Магілёў наведае старшыня Савета рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

Гэта далёка не першая неспадзяванка з інфармацыяй пра гатоўнасць будынка. У лютым гэтага года намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды распавядаў, што корпус будзе гатовы да 1 верасня. У ліпені тэлеканал «Беларусь 4» паведаміў, што будоўля скончыцца да канца верасня.

Па задумцы уладаў, новы корпус павінен быў прыняць некаторыя мерапрыемствы V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбыўся 10-12 кастрычніка.

Аднак нават сёння, як паказвае сітуацыя з дзяржаўнымі СМІ, самі ўлады, мабыць, не ўпэўненыя ў дакладнай даце адкрыцця новага корпуса.

Будынак з’яўляецца галоўным даўгабудам Магілёва. Упершыню будаўнічыя работы па яго ўзвядзенню пачаліся яшчэ ў 1991 годзе.