Праўда, так і не сказалі, хто канкрэтна прымаў рашэнне аб дэкарыраванні Ільічом.

26 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Начальнік упраўлення архітэктуры Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Скачак растлумачыў, для чаго на арцы ў гонар 750-годдзя горада вісіць копія ордэна Леніна.

«Абсталяванне уязной аркі з размяшчэннем на ёй копій узнагарод горада Магілёва і Магілёўскай вобласці прадугледжана архітэктурна-планіровачнай канцэпцыяй забудовы мікрараёнаў і асноўных транспартных магістраляў», – заявіў чыноўнік у сваім адказе на зварот праваабаронцы Аляксандра Буракова.

Паводле задумы Скачака, арка з’яўляецца візітоўкай горада, таму лагічна, што на ёй размясцілі копіі ўзнагарод Магілёва і Магілёўскай вобласці.

Галоўны гарадскі архітэктар адзначыў, што ордэн Леніна рэгіёну ўручылі 8 ліпеня 1967 году «за актыўны ўдзел у партызанскім руху, мужнасць, стойкасць, праяўленымі працаўнікамі Магілёўскай вобласці ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў перыяд Вялікай айчыннай вайны, і за поспехі, дасягнутыя ў аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі».

«Падзеі, за якія ўзнагароджаны Магілёў і Магілёўская вобласць, з’яўляюцца часткай гісторыі горада і вартыя адлюстравання на уязной арцы», – лічыць Скачак.

Буракоў звярнуў увагу на тое, што канкрэтных імёнаў чыноўнікаў, якія датычныя да дэкарыравання аркі, так дамагчыся і не ўдалося. Сам ён да сітуацыі ставіцца іранічна:

Магілёў жыў і развіваўся больш за сем стагоддзяў, каб аднойчы на яго «візітнай картцы», як выказаўся спадар Скачак, вывесілі профіль Леніна. Добра, што арка стаіць на «кальцы» – магчымым турыстам, якія ўбачаць дэкор, прасцей будзе развярнуцца і з’ехаць назад.