Калі гэта сапраўды было, то ў нас дзіўныя палітыкі, канешне.

24 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – varlamov.ru


Цудоўную гісторыю распавёў былы мэр расійскага Екацярынбурга Яўген Ройзман.

У сваім Твітары ён распавёў, што падчас размовы з «мэрам Магілёва» той яму паскардзіўся, што «раней у нас габрэяў шмат жыло, але яны падвялі нас», паколькі «напачатку 90-х, як толькі можна стала, яны ўзялі ўсё, ды і з’ехалі». Твіт набраў на момант публікацыі матэрыялу 536 рэтвітаў.

Пры гэтым расійскі палітык не назваў імя кіраўніка Магілёва, але, верагодна, гаворка ідзе пра цяперашняга старшыню Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава.

Даведацца падрабязнасці размовы, падчас якой кіраўнік Магілёва згадаў габрэяў, нам не ўдалося – Яўген Ройзман на нашы паведамленні не адказаў.

Вядома, што Ройзман і Цумараў перасякаліся даволі часта. Напрыклад, кіраўнік Екацярынбурга некалькі разоў прыязджаў у Магілёў на святкаванні Дня горада і Дня Незалежнасці Беларусі. Цумараў разам з магілёўскай дэлегацыяй таксама наведваў сталіцу Урала.

На фота – Яўген Ройзман падчас выступу ў магілёўскай Ратушы. На заднім фоне справа – Уладзімір Цумараў. Фота – Адміністрацыя г. Екацярынбурга

Яўген Ройзман узначальваў Екацерынбург з 24 верасня 2013 па 25 мая 2018 года.