Андрэй Кунцэвіч звярнуўся наўпрост да людзей.
19 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч апублікаваў у сваім Твітэр-акаўнце апытанку, у якой прапанаваў магілёўцам выбраць аб’екты сацыяльнай інфраструктуры, якія яны хацелі б бачыць у Інвестыцыйную праграму на 2019 год.
Сярод варыянтаў – новы радзільны дом ў гарадской лякарні, футбольны манеж, новая школа ў Казіміраўцы, альбо ўсё пералічанае.
На момант публікацыі матэрыялу ў апытанцы прынялі ўдзел 239 карыстальнікаў. Не ўлічваючы папулісцкага варыянту пра “ўсё пералічанае”, большасць прагаласавала за радзільню, на другім месцы апынулася новая школа ў Казіміраўцы. Футбольны манеж, мяркуючы па апытанню, стаў найменш запатрабаваным.
На пытанне вядомага блогера Антона Матолькі, ці будуць неяк у рэальным жыцці ўлічвацца вынікі галасавання, Кунцэвіч адказаў, што гэта вывучэнне грамадскай думкі:
“Асноўная задача – даведацца меркаванне людзей. Своеасаблівая экспертыза перад прыняццем кіраўнічага рашэння з магчымым улікам вынікаў“, – пракаментаваў сваю публікацыю чыноўнік.
У 2018 годзе ў Інвестыцыйную праграму зацвердзілі 27 аб’ектаў. На праектаванне і будаўніцтва аб’ектаў прадугледжвалаcя вылучыць 13 564 027,6 рублёў.
Какие обьекты социальной инфраструктуры Могилева Вы считаете приоритетными для включения в Инвестиционную программу на 2019 год?
— Андрей Кунцевич (@KuncevichA) 19 сентября 2018 г.