Побач з «Перекресток-Авеню» перад 1 верасня дзяцей забаўлялі некалькі чалавек з так званай групы спецыяльнага прызначэння «Рэдут».

3 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі


31 жніўня, перад Днём ведаў, каля гандлёвага цэнтра “Перекресток-Авеню” для дзяцей зладзілі свята. Сярод забавак – лазэртаг, электрамабілі і прысмакі.

Аднак больш за ўсё увагу дзяцей і бацькоў прыцягвала незразумелая група мужчын у ваенізаванай форме. Калі верыць банеру на іх аўтамабілі УАЗ, гэта прадстаўнікі магілёўскага страйкбольнага клуба. Аднак тут жа на лабавым шкле аўто была размешчана аб’ява пра тое, што яны прадстаўляюць групу спецыяльнага прызначэння «Рэдут».

Яны кваліфікавалі сябе  як “аб’яднаньне людзей, якія захапляюцца гісторыяй расійскага спецназа, у прыватнасці ЦСН ФСБ на пачатковым этапе развіцця.

Каманда была ўтворана ў Магілёве ў снежні 2013 года. Канкрэтна ФСБ-шным напрамкам ГСН «Рэдут» пачаў займацца ў 2015 годзе. Магчыма, гэта супадзенне, але ў гэты ж час адбываецца эскалацыя расейска-ўкраінскага канфлікту і актывізацыя прапагандысцкай працы Крэмля ў беларускім напрамку.

Згодна аб’яве, “каманда не ставіць галоўнай задачай мадэляванне, але імкнецца да стварэння зборнага вобразу ЦСН ФСБ на перыяд 2002-2006. Асноўнай базай рыштунку каманды з’яўляецца вобраз групы Альфа і Вымпел ФСБ Расійскай Федэрацыі ўзору 2002-2006 года.

Ні ў адной з сацыяльных сетак групы або старонкі ГСН «Рэдут» нам знайсці не ўдалося. Больш за тое, сайт магілёўскага страйкбольнага клуба, які пазначаны на вялікім банэра, таксама не адчыняецца.

Дзіўна і тое, што нумары аўтамабіля УАЗ было не пазнаць – іх спецыяльна заклеілі паперай.

Усе, што ўдалося знайсці аб ГСН «Рэдут» – гэта тое, што ў траўні гэтага года нехта Іван Іваноў зарэгістраваў 3-4 чалавекі на страйкбольныя спаборніцтвы ў Бабруйску.

Іван Іваноў – фэйковая старонка «Вконтакте». Ніякіх фота і запісаў на старонцы ў яго няма.

Цікава тое, на якія паблікі падпісаны Іван Іваноў – большасць падтрымліваюць так званы «рускі свет» і прысвечаны ваеннай тэматыцы.

Проста супадзенне або ў расійскага ФСБ могуць быць свае інтарэсы і лаяльныя людзі ў беларускім Магілёве?

ФСБ – Федэральная служба бяспекі, спецслужба, якая ажыццяўляе рашэнне задач па забеспячэнню бяспекі Расійскай Федэрацыі . Фактычна – расійскі аналаг беларускага КДБ.