Ну што, гатовыя наводзіць лоск і гармонію?

27 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Газета Адміністрацыі прэзідэнта “Беларусь Сёння” ў нумары ад 24 жніўня заявіла, што і Аляксандр Лукашэнка, і Уладзімір Пуцін прыедуць у Магілёў.

10-12 кастрычніка ў Магілёве пройдзе V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Удзел у ім пацвердзілі кіраўнікі абедзвюх дзяржаў, усяго чакаецца каля 2 тысяч удзельнікаў“, – паведаміла выданне.

Раней канчатковай пэўнасці наконт прысутнасці Пуціна не было. Хоць чуткі ходзяць яшчэ з канца 2017 года, упершыню пра прыезд расійскага прэзідэнта загаварылі ў траўні 2018-га. Тады Аляксандр Лукашэнка ўпершыню публічна запрасіў калегу прыехаць у Магілёў.

Затым у чэрвені “Расійская газета” заявіла,што Пуцін сапраўды збіраецца наведаць абласны цэнтр. Аднак у беларускіх СМІ канкрэтыкі не было.

“СБ” – першае выданне, якое афіцыйна заявіла аб прыняцці расейскім лідэрам прапановы Лукашэнкі.

Да самага Форуму ў Магілёве пройдзе яшчэ адно мерапрыемства, да якога ўзмоцнена рыхтуюцца мясцовыя ўлады. 12-14 верасня пройдзе пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы да Форуму, на якое прыбудуць беларускія і расійскія чыноўнікі высокага рангу.