Напэўна, варта купіць платную падпіску на БелТА.

15 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Апошнія прэзідэнцкія выбары прайшлі ў 2015 годзе. Паводле афіцыйных звестак Цэнтрвыбаркама, перамог на прэзідэнцкіх выбарах Аляксандар Лукашэнка. Тры гады – гэта дастатковы тэрмін, каб даведацца, ці выканаў фаварыт ЦВК свае перадвыбарчыя абяцанні. Так думаў магілёўскі праваабаронца Аляксандр Хамратаў, калі ў жніўні гэтага года звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта.

– Я хацеў даведацца, ці была ў Аляксандра Рыгоравіча перадвыбарчая праграма, і калі так, то ў чым яна заключалася, а таксама ці выкананы абяцанні, якія ён даваў народу. Калі не, то калі яны будуць выкананы, – распавёў Хамратаў.

Адміністрацыя прэзідэнта адмовілася прама адказваць на пытанні. Пра выкананне абяцанняў Лукашэнкі яны прапанавалі даведацца магілёўцу са сродкаў масавай інфармацыі. Праўда, як заяўляе Хамратаў, у СМІ аб выкананні перадвыбарнай праграмы прэзідэнта сёння няма ні слова:

Я наогул не памятаю ніякай канкрэтнай праграмы ў Лукашэнкі. Толькі канстатацыю таго, што мы ўсе жывем добра і таксама будзе і надалей. У СМІ нічога не гаворыцца пра яго выкананыя абяцанні. Будзь, чым пахваліцца – яны б такі шанец не выпусцілі, – лічыць праваабаронца.

Адказ Адміністрацыі прэзідэнта ён расцэньвае як прыкмету зневажальных адносінаў да грамадзяніна і адсутнасць канструктыўных довадаў на карысць палітыкі Лукашэнкі.