Чакаць рашэння Камітэта па правах чалавека ААН прыйдзецца доўга, але яно будзе на карысць грамадзян, упэўнены праваабаронца Барыс Бухель.

13 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Шасцёра магілёўцаў, якія ўдзельнічалі ў апазіцыйных акцыях пратэсту ўвесну 2017 года, адказалі на заўвагі беларускіх уладаў у КПЧ ААН.

Алена Кісель, Алена Крэнь, Канстанцін Чарноў, Аляксандр Каранкевіч, Дзяніс і Павал Крайцавы паскардзіліся ў КПЧ ААН яшчэ ў снежні 2017 года, заявіўшы, што беларускія суды несправядліва пакаралі іх штрафамі за ўдзел у мірных сходах.

У адказ на гэта пастаянная місія Рэспублікі Беларусь пры офісе ААН у Жэневе выказала незадаволенасць скаргамі. Айчынныя дыпламаты заявілі аб злоўжыванні магілёўцамі правам на зварот у КПЧ ААН. Таксама яны паведамілі, што кожны з асуджаных за акцыі пратэсту праігнараваў магчымасць звароту ў пракуратуру.

Праваабаронца Барыс Бухель дапамог кожнаму з шасці чалавек скласці свае пярэчанні на адказ уладаў:

– Што тычыцца пракуратуры: Камітэт па правах чалавека ААН неаднаразова падкрэсліваў, што перагляд у парадку нагляду, які захаваўся ў некаторых краінах былога СССР, не прызнаецца ў якасці эффектыўнага сродку прававой абароны, – сказаў Бухель.

Перагляд справы па сутнасці ва ўстаноўленым парадку цягне толькі касацыйная скарга. А гэты этап, як сказаў праваабаронца, кожны з шасці чалавек ужо прайшоў.

Бухель звярнуў увагу на тое, што беларускім уладам неаднаразова казалася аб неабходнасці прывесці заканадаўства па свабодзе мірных сходаў у адпаведнасць з міжнароднымі нормамі. Аднак прэзідэнт, урад і парламент Беларусі ігнаруюць гэтыя ўказанні ААН.

– Цяпер застаецца толькі пачакаць два-тры, можа чатыры гады, пакуль Камітэт па правах чалавека вынесе сваё рашэнне. Як паказвае мінулы вопыт ўсіх тых, хто звярнуўся ў КПЧ з падобнымі скаргамі, рашэнне па ім будзе станоўчым, – сказаў праваабаронца.