Аляксандр Буракоў лічыць, што яго хочуць незаконна прызваць на службу ў войску, ён не выключае палітычныя матывы.

4 траўня. Магілёў. Магілёўскі аб’яднаны гарадскі ваенны камісарыят – магілёўскі абласны ваенны камісарыят. Ігар Лазоўскі.


Журналіст, былы рэдактар ​​анлайн-часопіса moloko Аляксандр Буракоў і праваабаронца Барыс Бухель 4 траўня падалі скаргу ў Магілёўскі абласны ваенкамат і гарадскую пракуратуру на рашэнне магілёўскай гарадзкой прызыўной камісіі. Буракоў не згодны з ім па двух прычынах – медыцынскай і фармальнай:

burakou

Алесь Буракоў

– Першапачаткова я думаў абскардзіць рашэнне медыцынскай камісіі. Я лічу, што маю хваробу расцанілі не так, павінны былі. Ёсць такая штука, як расклад хвароб, па якой вызначаецца прыдатнасць. Мне паставілі «абмежавана прыдатны» па трох артыкулах, з адным з якіх я згодны, а вось з двума іншымі – не. Справа ў тым, што ў мяне ёсць праблемы з каленямі, часам яны баляць больш, часам менш, часцяком кульгаю.

Болевы сіндром пацвярджаецца актам з Магілёўскай абласной лякарні №1, а функцыянальны стан – актам з Магілёўскай абласной бальніцы, куды мяне накіроўвалі на абследаванне. Калі я глядзеў расклад хвароб, я выразна бачыў свае графы, па якіх я «непрыдатны ў мірны час». Аднак камісія вырашыла інакш. І добра, калі б гэта было дакладным рашэннем, але калі я прыйшоў з актам пасля абласной бальніцы, вынесці рашэнне адмовіліся хірург Баразна, тэрапеўт Альхімовіч і лекар, які кіраваў працай лекараў-спецыялістаў – Паўлаў. Больш за тое, калі хірург Баразна пайшла раіцца наконт мяне да падпалкоўніка Раманава, я чуў праз дзверы, што на яго пытанне, куды ж я бліжэй – да НПМ або АП, яна адказала, што сама б выставіла “абмежавана прыдатны”, але бліжэй я ўсё ж такі да «непрыдатны ў мірны час».

Параіўшыся, яны адправілі мяне праз тыдзень да, нібыта, лекара з абласной медкамісіі, які паглядзеў мяне хвілін пяць і нічога не сказаў. Толькі потым я даведаўся, што я, нібыта, «абмежавана прыдатны». Пры гэтым, як я зразумеў, яго подпіса пад гэтым рашэннем няма – я чуў, як яму тэлефанавала спецыяліст-хірург Баразна і пыталася, што ж мне пісаць у маёй асабістай справе прызыўніка.

Буракоў дапускае, што рашэнне медыцынскай камісіі было не выпадковым:

– Скажам так, калі пасля абследавання ў шпіталі я выйшаў на сваю працу ў тэатр лялек, мне сказалі, што калі я яшчэ толькі ляжаў у лякарні, нехта тэлефанаваў кіраўніцтву і абяцаў, што я ў любым выпадку буду ў войску. Пасля гэтага да мяне некалькі разоў паступалі папярэджанні, каб я не «змагаўся з дзяржавай». Чыя гэта ініцыятыва – ваенкамата, КДБ ці яшчэ кагосьці – я не ведаю, хоць раней дзяржбяспека цікавілася маёй дзейнасцю, але асабіста мяне не кранала.

Журналіст не можа назваць сапраўдных прычын, па якіх да яго можа быць такая ўвага:

– Можа, гэта звязана неяк з маёй журналісцкай дзейнасцю, можа з тым, што я маю цесныя зносіны з магілёўскімі праваабаронцамі – хто ж ведае іх логіку.

Дзіўным журналісту паказалася і паводзіны людзей у ваенкамаце.

– Пасля таго, як я выйшаў са шпіталя напачатку красавіка, мая справа стала пастаянна знаходзіцца ў старэйшага лейтэнанта Дзмітрыя Самусева, які займаецца вышукам прызыўнікоў. Раней мне заўсёды выдавалі яе на рукі, як і іншым прызыўнікам. Пры гэтым я заўсёды прыходзіў па позвах у патрэбны час і тэрмін, ніколі асабліва не скандаліў, ды і наўрад ці моцна адрозніваўся ад астатніх. Дык вось, з таго моманту і да сённяшняга дня мая асабістая справа пастаянна знаходзіцца ў яго і толькі ён адносіў яе лекарам з медкамісіі. Часцяком ён проста казаў мне чакаць на калідоры, а сам заходзіў і пра штосьці гутарыў то з тымі ж лекарамі, то з маёрам Баразновым, які, як я зразумеў, выконвае ў іх функцыі галоўнага.

Акрамя аспрэчвання медыцынскага заключэння, Буракоў паскардзіўся на фармальныя парушэнні:

– З таго моманту, калі мяне прызналі «абмежавана прыдатным» да таго моманту, калі адправілі на адбор у часткі, прайшло менш за гадзіну. Пры гэтым, наколькі я ведаю, мая справа ўвесь гэты час знаходзілася спачатку ў Самусева, пасля чаго яе прынеслі ў актавую залу, дзе я чакаў паседжанне гарадской прызыўной камісіі. Дык вось, ніякай гарадской прызыўной камісіі, якая павінна прымаць рашэнне аб прызыве на вайсковую службу, ня было. Когда я пачаў цікавіцца, дзе ж яна засядае, мне спачатку не хацелі казаць, а потым адправілі да маёра Баразнова. Ён мне таксама прамога адказу не даў. Калі я на наступны дзень прыйшоў у ваенкамат і задаў яшчэ раз прамое пытанне Баразнову, ці праводзілася пасяджэнне ГПК, ён адказаў, што не з’яўляецца яе членам. Так калі яно было, чаму мне не змаглі адказаць дакладнае «так»? Зараз гэтым будзе займацца пракуратура і абласная прызыўная камісія. У сваіх скаргах я папрасіў змяніць статус «прыдатны з абмежаваннямі» на «непрыдатны ў мірны час», а таксама адмяніць рашэнне ГПК, таму што самой ГПК наўпрост не было. Вядома, калі мяне не задаволяць вынікі, я буду звяртацца ў суд, – заявіў Буракоў. – Хачу сказаць асобнае дзякуй праваабаронцу Барысу Бухелю, які дапамог мне ў складанні скаргаў.

Пакуль невядома, калі будзе праводзіцца пасяджэнне абласной прызыўной камісіі. Наступная позва ў Буракова на 11 траўня. Сам Алесь сцвярджае, што не супраць свайго канстытуцыйнага абавязка, аднак, у выпадку прызыву, вайсковую прысягу прымаць ён не будзе з палітычных прычынаў:

– Я не лічу, што пасля рэферэндуму 2003 года i наступных прэзідэнцкіх выбараў наш галоўнакіруючы легітымен. Я не буду клясціся ў вернасці і абяцаць, што я буду выконваць загады камандзіраў, якія беспярэчна падпарадкоўваюцца гэтаму чалавеку. Пра гэта я пісаў у анкетах прызыўніка, гэта я напісаў у заяве на імя ваенкама Уладзіміра Белюся, – заявіў Буракоў.