Падчас азнаямленчага візіту ў Магілёў Клод Альтерматт вырашыў даведацца, чым жыве дэмакратычная супольнасць горада.
9 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі. На фота – Клод Альтерматт
9 ліпеня кіраўнік аддзялення пасольства Швейцарскай канфедэрацыі ў Мінску Клод Альтерматт упершыню наведаў Магілёў з азнаямленчым візітам. Спачатку ён сустрэўся з прадстаўнікамі абласной улады, у прыватнасці са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Даманеўскім, у якога даведаўся пра станоўчыя моманты з жыцця рэгіёну. Напрыклад, што «з дапамогай Саветаў дэпутатаў жыхары вобласці ўплываюць на жыццёва важныя пытанні».
Пасля гэтага Клод Альтерматт адправіўся з візітам да прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці ў грамадскі цэнтр «Кола».
Ён выслухаў меркаванні кожнага з гасцей сустрэчы аб сітуацыі ў рэгіёне. Праваабаронца Барыс Бухель панаракаў на сталы пераслед журналістаў з боку ўладаў, а таксама на адсутнасць незалежнай судовай сістэмы.
– Абараніць свае правы ў судзе, калі дзяржава мае ў гэтым працэсе сваю зацікаўленасць, практычна немагчыма сёння. Нашы суддзі нярэдка выкладаюць на юрыдычных факультэтах. Калі я ў іх пытаюся пасля чарговай «заказной» справы, што б яны паставілі сваім студэнтам, калі б тыя прынялі б падобнае рашэнне, яны толькі тупяць погляд у падлогу, – выказаўся Бухель.
Сябра “Магілёўскага праваабарончага цэнтра” Уладзімір Таборка нагадаў таксама і пра тое, што дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі да гэтага часу ў Беларусі караецца па законе і прывёў прыклад праваабарончага цэнтра «Вясна».
Журналіст Аляксандр Буракоў сфакусаваў увагу на дзейнасці прарасейскіх арганізацый, якія актывізаваліся падчас канфлікту паміж Расіяй і Украінай. Ён распавёў, як адных з лепшых студэнтаў магілёўскіх ВНУ вывозяць у Смаленск на розныя семінары і дыскусіі, падчас якіх даказваюць «неабходнасць» агульнага суіснавання Расіі і Беларусі:
– Мы ўжо маем сітуацыю, калі ў магілёўскіх універсітэтах ёсць пункты уплыву і прапаганды так званага “рускага свету”. Рэальнасць такая, што калі заўтра Расія прыйдзе ў Магілёў – большасць моладзі гэта ўспрыме як належнае.
Старшыня магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алег Дзьячкоў распавёў амбасадару пра тое, як адбываецца выжыванне нацыянальнай мовы ў Магілёве. Адна з галоўных мэтаў арганізацыі на сёння – гэта павялічэнне колькасці школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове:
– Калі раней гэта быў адзін школьнік, то цяпер іх ужо восем на ўвесь Магілёў. Прырост у разы, – іранічна заўважыў Дзьячкоў.
Клод Альтерматт здзівіўся, што на нацыянальнай мове навучаецца так мала чалавек:
– Мова вельмі важная. У Швейцарыі чатыры дзяржаўныя мовы, але кожны рэгіён змагаецца за сваю. Я з нямецкамоўнага кантона. У нас ёсць свой дыялект нямецкай мовы, таму мы лічым, што гэта наша мова, а не Германіі. Калі да нас прыязджае турыст з Германіі, мы гаворым з ім на дыялекце, каб ён разумеў, што гэта частка менавіта нашай культуры, – заўважыў пасол.
Пазітыву ў сустрэчу дадаў каардынатар Цэнтра гарадскіх ініцыятыў Юрый Стукалаў, які распавёў пра поспехі ў падрыхтоўцы фестываляў і школы актывістаў:
– Мы праводзім некалькі вялікіх фэстаў – гэта Вялікі гарадскі пікнік, Дранік-фэст. Нядаўна ў нас быў InspireFest. Мы спрабуем неяк развіваць культуру горада. Каб развіваць мясцовы актывізм, у нас ёсць школа «Цяпліца», дзе на працягу месяцаў мы вучым магілёўцаў, як дамагацца пазітыўных змяненняў у горадзе, – пералічыў Стукалаў.
Ён прапанаваў Клоду Альтерматту наведаць Дранік-фэст, які пройдзе ў Магілёве 29 верасня. Той адказаў, што фестываль вельмі падобны на тыя, што праходзяць у яго роднай Швейцарыі:
– У нас таксама ёсць фэсты ежы і я магу сказаць, што па апісанні гэта падобна на нашы святы, – заўважыў пасол.
Ён падзякаваў усім прысутным за сустрэчу і заўважыў, што Швейцарыя і Беларусь вельмі падобныя:
– І ў вас, і ў нас шмат людзей–добраахвотнікаў, якія аб’ядноўваюцца, каб разам вырашаць праблемы. Гэта развівае нашы краіны.
На развітанне Клод Альтерматт і магілёўцы абмяняліся падарункамі.