Пра гэта з упэўненасцю заявіла «Расійская газета».

20 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Дадатак «Расійскай газеты» «Саюз» са спасылкай на інфармацыйныя матэрыялы да ўдзелу расійскага лідэра ў пасяджэнні Вышэйшага Дзяржаўнага Савета (ВДС) Саюзнай дзяржавы паведаміў, што Уладзімір Пуцін прыме ўдзел у V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў Магілёве, Горках і Шклове:

На восень запланавана правядзенне ў Магілёве з удзелам Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі Пятага Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі на тэму “Прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва, – гаворыцца ў матэрыялах.

Падчас прэс-канферэнцыі па выніках Вышэйшага дзяржаўнага савета прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нагадаў Пуціну, што паклікаў таго ў Магілёў:

З 2014   года праводзяцца сумесныя форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі, і   чарговы форум у кастрычніку гэтага года ў Магілёве. Уладзімір Уладзіміравіч, я накіраваў Вам запрашэнне. Мы заўсёды з Вамі бывалі на   гэтых форумах. Гэта побач з Расіяй – Магілёўская вобласць. Думаю, мы з   Вамі пабудзем на гэтым форуме, нас там вельмі чакаюць нашы ўсходнія сябры, – сказаў беларускі лідэр.

Пуцін быў не супраць, выказаўшы надзею, што яны абодва патрапяць на форум:

Значную аддачу прыносіць шматпланавае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, Аляксандр Рыгоравіч толькі што сказаў пра гэта. Чакаем, што новыя і   перспектыўныя ініцыятывы будуць запушчаныя па выніках V Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Як Аляксандр Рыгоравіч сказаў, мы традыцыйна там бываем. Спадзяюся, сёлета таксама прымем удзел, – адзначыў Уладзімір Пуцін.

Вышэйшы дзяржаўны савет з удзелам кіраўнікоў дзьвух дзяржаў праходзіў у Мінску 19 чэрвеня. Па яго выніках было вырашана, як будзе развівацца Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі ў 2018-2022 гадах.