Затое пацярпелага будуць судзіць за зламаны стол.

6 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Арганізацыя «Праваабаронцы супраць катаванняў» даведалася, што магілёўцу Станіславу адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за катаванні ў дачыненні да яго.

Паводле яго слоў, у канцы снежня 2017 года яго падвергнулі фізічнаму гвалту ў пастарунку №8 двое супрацоўнікаў Ленінскага РАУС Нясцярук і Кутковіч. Акрамя збіцця, міліцыянты захацелі «пакараць» магілёўца ў вар’яцкай форме, уставіўшы міліцэйскую дубінку яму ў задні праход.

Пасля на медыцынскім аглядзе лекары паведамілі Стасу, што ў яго «гемарой», затым гэта пацвердзілі і судмедэксперты.

Пасля інцыдэнту, як сцвярджаюць праваабаронцы, у Стас здарылася істэрыка і ён зламаў стол у пастарунку, за што на яго завялі крымінальную справу за злоснае хуліганства.

Стас вырашыў прыцягнуць участковых інспектараў, якія з яго здзекваліся, да крымінальнай адказнасці і накіраваў скаргу ў пракуратуру, сітуацыю вывучаў таксама Следчы камітэт.

Дубінка ў заднім праходзе
і збіццё сыдуць міліцыянтам з рук?

Маёр юстыцыі Старыкаў, які праводзіў праверку, у канцы траўня накіраваў Станіславу адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Згодна з пазіцыі следчага, магілёвец ўсё выдумаў – і згвалтаванне, і збіццё.

Аднак «Праваабаронцы супраць катаванняў» лічаць, што гэта ўсяго толькі спосаб схаваць катаванні з боку міліцыі.

– Пры вывучэнні пастановы, першае, што кідаецца ў вочы, гэта падача паказанняў участковых Несцярука і Кутковіча, якія, па сутнасці, уяўляюць сабой не вычытаны рэрайт паказанняў адзін аднаго. Тут сустракаецца вельмі шмат ідэнтычных або практычна ідэнтычных фраз і выразаў, нібы следчы ўзяў паказанні ў аднаго ўчастковага, скапіяваў іх, змяніў прозвішча, падабраў сінонімы да некаторых словаў, прыбраў неадпаведнасці, а тое, што атрымалася, назваў паказаннямі другога ўчастковага, – гаворыцца на сайце арганізацыі.

Акрамя таго, пытанні ў праваабаронцаў выклікаюць довады следчага, які адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

Старыкаў спасылаецца на тое, што «на куртцы і спартыўных штанах Стаса наяўнасць крыві і сліны не выяўлена». Акрамя таго, «на паверхні гумовых палак біялагічнага матэрыялу Станіслава не выяўлена».

Але адзенне была канфіскавана на экспертызу толькі праз 74 дні пасля інцыдэнту. Перад гэтым, па словах самога Станіслава, ён яе неаднаразова мыў. Міліцэйская дубінка, якой, магчыма, быў згвалтаваны мужчына, была канфіскавана праз 75 дзён.

Пры гэтым, як адзначаюць праваабаронцы, ніякага біялагічнага матэрыялу на ёй быць і не павінна, паколькі супрацоўнікі міліцыі выкарыстоўвалі прэзерватыў.

Яны таксама звяртаюць увагу на тое, што Станіслаў па ўласнай ініцыятыве наважыўся прайсці паліграф, у той час як магчымыя каты ад гэтага адмовіліся. Зрэшты, вынікі дэтэктара хлусні Стаса невядомыя – яны прызначаны «для ўнутранага расследавання».

Такім чынам, следчы Старыкаў лічыць, што Станіслаў спецыяльна спрабуе абылгаць супрацоўнікаў міліцыі, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці за зламаны стол. У хуткім часе яго будзе чакаць суд за злоснае хуліганства.

«Праваабаронцы супраць катаванняў» заявілі, што будуць дапамагаць Стасу дамагацца аднаўлення справядлівасці і прыцягнення да адказнасці вінаватых.