У межах грамадскай кампаніі “Цытуй сваё!” (Беларусь) ладзіцца конкурс эсэ “Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі і кантэксты”.


Мэта конкурсу – заахвочванне інтарэсу да беларускай інтэлектуальнай спадчыны, стварэнне “галерэі” тэкстаў, якія разгортваюць разуменне беларускай культуры і ідэнтычнасці, творчае і рэфлексіўнае пераасэнсаванне традыцый беларускага мыслення.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца як сталыя навукоўцы, даследчыкі, літаратары, так і студэнты і аўтары-пачаткоўцы, якія цікавяцца беларускай інтэлектуальнай спадчынай, шукаюць сваё месца ў традыцыі мыслення, прагнуць разумення і развіцця беларускай культуры ды ідэнтычнасці.

Аўтары конкурсных эсэ могуць звярнуцца да самых розных беларускіх гістарычных перыядаў і культурніцкіх кантэкстаў: ад самых далёкіх часоў да сучаснікаў, якія рабілі свой унёсак у традыцыю мыслення ў апошнія дзесяцігодзі.

На конкурс прымаюцца эсэ, напісаня ў межах наступных тэматычных накірункаў:

1. “Уяўляючы Беларусь. Ідэі і канцэпты ў беларускай традыцыі, праз якія ішло асэнсаванне Беларусі, грамадства, культуры, нацыі, яе мінуўшчыны і будучыні”.
2. “Унікальныя ідэі, тэорыі і падыходы як беларускі ўнёсак у еўрапейкую і сусветную думку”.
3. “Паўставанне і выбудова традыцыі: пераемнасць, разгортванне думак і ідэяў ад мінулага ў будучыню”.
4. “Шлях і лёс інтэлектуала: постаці беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Гістарычны, культурны і палітычны кантэксты інтэлектуальнай працы, выклікі і адказы, індывідуальныя траекторыі і творчасць”.
5. “Гісторыя беларускай інтэлектуальнай традыцыі: культурны кантэкст, абставіны і інстытуты развіцця мыслення”.
6. “Асэнсаванне інтэлектуальнай спадчыны Ігната Абдзіраловіча”.

Аўтары мусяць даслаць тэксты на беларускай/рускай мове (матэрыялы маюць быць не апублікаванымі раней). Памер тэкстаў для конкурсу – 10-25 тыс. сімвалаў.

Заяўкі канкурсантаў прымаюцца праз е-мэйл: Сytuj.Svajo@gmail.com (з тэмай ліста “На конкурс”). У лісце неабходна пазначыць: прозвішча і імя, кантактны нумар тэлефона і адрас пошты, сферу дзейнасці.

Дэдлайн – 15 жніўня 2016 года. Пераможцы конкурсу атрымаюць каштоўныя прызы, лепшыя працы будуць апублікаваныя арганізатарамі конкурсу.