Для спецкара Віктара Кубекі ЗША, Францыя і Вялікабрытанія – палітычныя піраты. А раз так, то і размова ў Расіі з імі павінна быць іншай.
2 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Журналіст Віктар Кубека ў апошнюю суботу красавіка быў названы аблвыканкамам «Чалавекам года» на ўзроўні цэлай вобласці. Яго партрэт таксама змясцілі на дошку гонару. Акрамя яго, прызнання уладаў дамагліся яшчэ 14 чалавек.
За суткі да ўзнагароджання ў газеце «Магілёўскія ведамасці » быў апублікаваны тэкст Кубекі «Скрыпальгейст са скрыпам», у якім аўтар жорстка раскрытыкаваў амерыканскі, французскі і брытанскі ўрады.
«Брудная палітыка – гэта якую робяць брудныя людзі … Цікаўны і зацікаўлены чытач лёгка ідэнтыфікуе гэтыя метады з дзеяннямі і іх аргументацыяй цяперашняга кіраўніцтва шэрагу еўрапейскіх і заакіянскіх краін. Першай у іх «загразла» Злучанае Каралеўства, учапіўшыся за так званую справу Скрыпалей … ».
«Чалавек года па Магілёўскай вобласці» лічыць, што ангельцы схільныя ў любых смерцях, якія адбыліся не з грамадзянамі Брытаніі на яе тэрыторыі, «бачыць руку Масквы». Акрамя Скрыпаля, Кубека меў на ўвазе самагубства алігарха Барыса Беразоўскага, а таксама былога расійскага разведчыка Аляксандра Літвіненкі.
«Трэба было аднаму сфальшывіць, як нястройную мелодыю падхапілі саюзнікі ангельцаў. І вось ужо на Расію абвальваецца ледзь не ўсеагульная хваля абурэння, вынікам якой стала высылка расійскіх дыпламатаў з розных краін … », – абураецца ў матэрыяле Кубека.
Зрэшты, на яго думку, Расія – «не байкавае ягня» і сама каму хочаш можа адэкватна адказаць. Журналіст упэўнены, што Велікабрытанія хоча ачарніць РФ на пустым месцы.
Па-першае, як лічыць Кубека, калі б гэта быў яд «Навічок», распрацоўку якога прыпісваюць савецкім навукоўцам, то антыдот мог дапамагчы толькі ў першыя паўгадзіны (у бальніцу Сяргея Скрыпаля і яго дачку, Юлію, даставілі праз гадзіну).
Па-другое, Скрыпалі не зрабілі ніякіх заяваў з нагоды меркаваных атрутнікаў.
Па-трэцяе, тэхналогіяй стварэння «Пачаткоўца» валодаюць многія краіны, а не толькі Расія.
Для Віктара Кубекі гэтага дастаткова, каб зрабіць выснову, што ўсе апошнія дзеянні з боку заходніх краін – гэта спроба дыскрэдытаваць суседнюю дзяржаву:
«Дык адкуль жа тады гарыць? Узгадайце, напачатку другога дзесяцігоддзя цяперашняга стагоддзя Расія знаходзілася не толькі на эканамічным ўздыме, умацоўваўся і яе палітычны статус … Вось тады, трэба меркаваць, і задумваліся акцыі процідзеяння яе «партнёраў».
Спецкар узгадвае Еўропе і ЗША таксама допінгавы скандал вакол Расіі, а яшчэ абвінавачванні ва ўтойванні хімічнай атакі ў Сірыі, пасля чаго робіць вывад:
«Тут ужо не пра бруд у палітыцы якраз казаць, а пра сапраўднае палітычнае пірацтва. А з піратамі, як вядома, размова іншая ».
Трэба сказаць, што некалькі гадоў таму Віктар Кубека груба прайшоўся па апазіцыйнаму палітыку Рыгору Кастусёву, а таксама параўнаў ЛГБТ-арыентацыю са шкоднай звычкай. Акрамя звання «Чалавек года-2017», журналіст ўзнагароджваўся галоўнай узнагародай прадзяржаўнага Беларускага саюза журналістаў «Залатая літара».