Мясцовыя ўлады любяць Дзень Волі не так моцна, як у Менску.
19 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Магілёўскі гарвыканкам адмовіў у правядзенні пікету 25 сакавіка на плошчы Зорак, паколькі названай пляцоўкі няма ў спісе дазволеных месцаў. Замест цэнтра горада, улады прапанавалі адсвяткаваць пікет на бязлюдным стадыёне па вул. Чалюскінцаў, што, па словах аднаго з заяўнікаў, палітыка Алега Аксёнава, арганізатараў не задавальняе.
Раней іншы заяўнік, палітык Алесь Сілкоў выказваў надзею, што «тэндэнцыя змянілася і ўлады прымуць іх варыянт», паколькі быў дазволены канцэрт у Мінску.
Такім чынам, шырокіх публічных мерапрыемстваў у Дзень Волі ў Магілёве не будзе – раней Магілёўскі гарвыканкам таксама адмовіўся дапамагаць з правядзеннем святочнага канцэрта. Адзінае, у чым пагадзіліся паўдзельнічаць гарадскія ўлады – гэта круглы стол на базе аднаго з магілёўскіх універсітэтаў у красавіку.
Разам з тым у горадзе да стагоддзя БНР плануецца праводзіць экскурсіі, кінапрагляды, усталяваць памятны знак на будынку былой жаночай Марыінскай гімназіі, а таксама выпусціць памятную друкаваную прадукцыю.