У цэнтры “Кола” дэпутаты, міжнародныя эксперты і мясцовыя прадстаўнікі грамадскасці паўтары гадзіны горача абмяркоўвалі праблему смяротнага пакарання.
14 сакавіка. Магілёў. Грамадскі цэнтр “Кола”. Алесь Святліцкі
У Магілёў на дыскусію, арганізаваную пры дапамозе пасольства Вялікабрытаніі, прыехалі старшыня парламенцкай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч, дэпутат Дзмітрый Гобараў, а таксама шэраг прадстаўнікоў замежных арганізацый, якія выступаюць за адмену смяротнага пакарання, – Нікаля Перон, Раджыв Нараян і Алесандра Салаконэ.
У самым пачатку Перон, праграмны дырэктар французскай арганізацыі «Разам супраць смяротнага пакарання», заявіў, што па пытанні адмены смяротнага пакарання ў Беларусі спецыялістам вельмі дапамагаюць праваабарончыя беларускія арганізацыі – “Вясна” і Беларускі хельсінкскі камітэт.
– Хачу адзначыць, што калі ў Францыі адмянілі ў 1981 годзе смяротнае пакаранне – дзве траціны краін свету яго захоўвалі. Аднак цяпер сітуацыя адваротная – толькі ў траціны краін ёсць вышэйшая мера. Галоўныя праблемныя рэгіёны – гэта Азія, Блізкі Усход і ЗША. І тым больш крыўдна бачыць, што адзінай краінай у Еўропе, дзе ёсць падобная мера, застаецца Беларусь.
Прадстаўнік італьянскай няўрадавай арганізацыі “Суполка святога Эгідзія” Алясандра Салаконэ заўважыў, што вялікія перамены ў дзяржаве пачынаюцца з маленькіх змен:
– Хтосьці, магчыма, скажа, што сённяшняя наша сустрэча – гэта маленькае мерапрыемства, якое не адменіць смяротнае пакаранне. Але з малога пачынаецца вялікае. Я сапраўды бачу, што вялікая колькасць людзей падтрымліваюць крайнюю меру. Але праблема смяротнага пакарання – гэта не пытанне эмоцый, таму важная роля спецыялістаў і такіх вось сустрэч.
Асобна на сустрэчах спыніўся Андрэй Навумовіч, які падлічыў, што ў дзень у яго бывае па 5-6 падобных мерапрыемстваў. Гэтым ён выклікаў рэакцыю ў журналіста Уладзіміра Лапцэвіча, які прама абвінаваціў Навумовіча ў імітацыі бурнай дзейнасці:
– Гэта – палітычнае рашэнне, а не меркаванне народа. Тое, што вы праводзіце розныя сустрэчы, – а дзе хоць найменшы вынік? Гэта імітацыя бурнай дзейнасці на ўнутранай і міжнароднай арэне, якая ніяк не ўплывае на становішча спраў. Адмена смяротнага пакарання – гэта не праблема. Аднак пакуль ва ўладзе знаходзіцца дзеючы прэзідэнт, гэтага не адбудзецца, таму што ён абапіраецца на рэферэндум 1996 года, калі большасць беларусаў выступілі “за” пакаранне. Мараторый ён можа ўвесці літаральна адным росчыркам пяра, – заявіў Лапцэвіч.
Праваабаронца Барыс Бухель таксама заклікаў не хавацца за спіны выбаршчыкаў:
– Пытанне адмены смяротнай кары – гэта не пытанне шырокай грамадскасці, а пытанне спецыялістаў. Я працаваў у свой час на заводзе, быў інжынерам-канструктарам. Вы ўяўляеце, калі б чарцяжы распрацоўваліся не спецыялістам, а прымаліся заводскім рэферэндумам?
Бухеля падтрымаў Нікаля Перон, які распавёў, што ні ў адной краіне свету, дзе апошнім часам адмянялі смяротнае пакаранне, не прымяняўся рэферэндум:
– Дзесьці ўносіліся змены ў канстытуцыю, дзесьці падпісвалі дадатковы дакумент, дзесьці мяняўся крымінальны кодэкс,- пералічыў эксперт.
Пры гэтым ён аддаў належнае дэпутату Андрэю Навумовічу як чалавеку, які актуалізуе пытанне адмены смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь.
Навумовіч, у сваю чаргу, сказаў, што ён выступае за мараторый на смяротнае пакаранне. Але сам зрабіць усё не можа:
– Я не магу проста прыйсці ў парламент сёння і сказаць, што “давайце зробім мараторый”. Ёсць дэпутаты, якія за смяротнае пакаранне і яны маюць права на гэта меркаванне. І калі парламент прагаласуе супраць мараторыя, то пытанне будзе адкладзена аж да наступнага склікання. Таму я узважана стаўлюся да гэтага пытання і стараюся працаваць з людзьмі.
Журналіст Алесь Сабалеўскі узважана нагадаў Навумовічу, што беларускія ўлады знаходзяцца ў лідэрах па прыняцці непапулярных рашэнняў:
– Вы часта спасылаецеся на тое, што прыслухоўваецеся да выбаршчыкаў. Аднак у апошні час парламент прыняў вялікую колькасць непапулярных законаў, супраць якіх выступілі людзі. Як прыклад з тымі ж міжгароднымі маршруткамі. Дык што перашкаджае зрабіць тое ж самае і з адменай смяротнага пакарання?
Навумовіч парыраваў тым, што ўжо цяпер у парламенце ёсць дэпутаты, якія гатовыя брацца за выпраўленне сітуацыі з маршруткамі, але для вырашэння пытання са смяротным пакараннем Палата прадстаўнікоў, на яго думку, яшчэ не паспела.
З залы прагучала прапанова не чакаць рашэнняў парламента, а банальна прыслухацца да рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН, чыю юрысдыкцыю Беларусь прызнае афіцыйна. Адказ старшыні дэпутацкай камісіі быў недвухсэнсоўным:
– А тое, што нам рэкамендуюць розныя там арганізацыі, – я гэта ведаю ўсё. Паверце, нічога новага не адкрываеце. Але ёсць жа меркаванне і пункт гледжання дэпутатаў.
Таксама Андрэя Навумовіча спыталі, чаму нельга гуманізаваць ўжо існуючы працэс пакарання, у прыватнасці – аддаваць цела расстралянага сваякам:
– А можа на дадзеным этапе і правільна не аддаваць цела пакаранага сям’і? Я, умоўна, прыязджаю на сваю маленькую радзіму, на магілкі да сваіх блізкіх. І вось побач каб ляжалі гэтыя забойцы? На мяне наплываюць нядобрыя адчуванні, ведаеце, – рэзюмаваў дэпутат.
Сустрэча доўжылася больш за паўтары гадзіны і на думку экспертаў атрымалася добрай.
– Нам карысна пазнаваць думкі і прыдумляць новыя спосабы пераконваць людзей, што смяротнае пакаранне – гэта не тое, што павінна быць у цывілізаваным свеце,- заявіў пасля мерапрыемства Раджыв Нараян, дырэктар па пытаннях стратэгіі НДА «Міжнародная камісія супраць смяротнага пакарання».
Акрамя дыскусіі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, дэлегаты і эксперты гэтым жа днём сустрэліся з мясцовымі ўладамі, а таксама студэнтамі МДУ ім. А. А. Куляшова.