З-за няправільнай мапы акругаў і двухсэнсоўнасці апісання іх межаў двух апазіцыянераў не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты.
22 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Першы намеснік БСДП (Грамада) Ігар Барысаў і актывіст аргкамітэту партыі БСДП (Народная грамада) Станіслаў Паўлінковічабвінавацілі гарадскую выбарчую камісію ў тым, што яна ўвяла іх у зман.
Падчас рэгістрацыі кандыдатаў 17 студзеня старшыня гарвыбаркама Алена Бальшакова паведаміла, што абодва вылучэнцы сабралі подпісы не па сваіх акругах. Пазней Ігар Барысаў выявіў, што на мапе, якая знаходзіцца ў памяшканні камісіі, няправільна пазначаныя межы ягонай Фацінскай акругі №26.
Праз тры дні пра гэта ж заявіў Станіслаў Паўлінковіч, які вылучаўся па Арлоўскай акрузе №11.
Абодва падалі скаргі ў абласную выбарчую камісію. Аднак па словах Барысава, сэнсу ў гэтым няшмат:
– Пакуль мне яшчэ не прыйшоў афіцыйны адказ. Але зыходзячы з размовы, мой ліст у аблвыбаркам разгледзелі ня як скаргу, а як зварот грамадзяніна. Уся справа ў тым, што я папрасіў прызнаць, што межы акругі былі пазначаныя з памылкамі, а подпісы – сапраўднымі, але не папрасіў аб перарэгістрацыі. Так што зарэгістраваны як кандыдат я не буду, – паведаміў палітык.
На яго думку, праблема з пазначэннем акругаў становіцца хранічнай. Каб пераадолець яе, неабходна мяняць выбарчае заканадаўства.
– Наша партыя БСДП (Грамада) выступіць з прапановай прадстаўляць акрамя тэкставага абазначэння межаў акругаў яшчэ і графічны малюнак. Уся справа ў тым, што тая мапа, якую я сфатаграфаваў у гарвыбаркаме, па сутнасці, ніякімі дакументамі не рэгулюецца. Гэта проста мапа горада, на якой маркерам члены камісіі абвялі акругі. Паколькі гэта неафіцыйна, прыцягнуць гарвыбаркам да адказнасці вельмі цяжка. А калі арыентавацца на тэкставае апісанне межаў акруг, то там таксама вельмі лёгка памыліцца, паколькі ёсць вельмі шмат двухсэнсоўных момантаў. Юрыст ЦВК, з якой я гэта абмяркоўваў па тэлефоне, са мною пагадзілася, – сказаў Барысаў.
У падобную пастку трапіў актывіст Станіслаў Паўлінковіч. Камісія таксама прызнала, што ініцыятыўная група вылучэнца збірала подпісы не па ягонай акрузе і адмовіла ў рэгістрацыі. Праз некалькі дзён палітык вырашыў пераправерыць дадзеныя і ўбачыў, што згодна з мапай з гарвыбаркама ён зрабіў усё правільна.
– Усе подпісы я збіраў у месцах, пазначаных на сайце гарвыканкама і на мапе, якую я сфатаграфаваў у камісіі. Члены магілёўскай гарадской выбарчай камісіі, такім чынам, здзейснілі неправамерныя дзеянні ў адносінах да мяне і членаў маёй ініцыятыўнай групы – ўвялі нас у зман. Для чаго гэта было зроблена – зразумела. Па маёй акрузе балатаваліся выключна праўладныя кандыдаты, а тут, бачыш, апазіцыянер ўклініўся і ўсю карціну ім, не дай божа, сапсуе, – заявіў Паўлінковіч.
Як і Барысаў, ён накіраваў скаргу ў абласную выбарчую камісію. Аднак ён прапусціў трохдзённы тэрмін, які даецца на абскарджанне рашэння гарадской камісіі. Нягледзячы на гэта, па яго словах, у аблвыбаркаме яму паабяцалі, што адказ дашлюць.
Назіральнік ад “Магілёўскага праваабарончага цэнтра” пры гарадской выбарчай камісіі Аляксандр Буракоў асцярожны з ацэнкамі. На яго думку, гарвыбаркам сапраўды падставіў кандыдатаў, вывесіўшы ў сябе ў няслушную мапу.
– Я не думаю, што вылучэнцаў спецыяльна сабатавалі. З іншага боку, вывешваць такую мапу ў памяшканні выбарчай камісіі і рабіць выгляд, што там усё правільна, а потым разводзіць рукамі і казаць пра неафіцыйны статус некарэктна і непрафесійна, як мне здаецца. Камісія, па словах начальніка арганізацыйна-кадравай работы гарвыканкама Міхаіла Свірыдзенкі, фармавалася у тым ліку на аснове вопыту і прафесіяналізму людзей, якія ў яе ўвайшлі. Аднак двух чалавек не зарэгістравалі, таму што сябры камісіі не змаглі правільна абвесці межы акругаў, – пракаментаваў сітуацыю Буракоў.