Коратка тлумачым сітуацыю.

13 снежня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На фота – Андрэй


Што яшчэ за спецвучылішча?

«Магілёўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу №2 дрэваапрацоўкі» – установа закрытага тыпу «для вырашэння задач сацыяльнай рэабілітацыі, карэкцыі і ўтрымання падлеткаў, якія здзейснілі грамадска небяспечныя ўчынкі або якія парушылі правілы грамадскіх паводзін». У вучылішча накіроўваюцца хлопчыкі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, на тэрмін да 2 гадоў.

З чаго ўсё пачалося?

26 лістапада шасцёра хлопцаў збеглі з магілёўскага спецвучылішча закрытага тыпу № 2 (Першамайская, 157). Такія ўцёкі адбываюцца рэгулярна, аднак усіх уцекачоў рана ці позна знаходзяць. Так атрымалася і ў гэты раз – вечарам таго ж дня ўсіх хлопцаў вярнулі назад у вучэльню.

Што здарылася?

Паводле TUT.by, пасля вяртання рабят адвялі ў памяшканне для сустрэч з бацькамі, дзе трое (або двое) супрацоўнікаў СПТВ №2 збілі кожнага хлопца. Пасля гэтага адзін з навучэнцаў – Андрэй – з пераломам хрыбетніка трапіў у Магілёўскую абласную лякарню. Астатнія таксама атрымалі моцныя пабоі.

Чаму інфармацыя з’явілася толькі зараз?

Нягледзячы на тое, што гісторыя здарылася яшчэ напрыканцы лістапада, інфармацыю апублікавалі толькі цяпер. У ноч на 12 снежня гісторыю запосціў TUT. by, а раніцай БелТА паведаміла пра арышт дырэктара СПТВ №2 і ягонага намесніка. Па словах маці хлопца, у якога зламаны хрыбетнік, яна сама не пазнала б пра тое, што здарылася, калі б сын не апынуўся ў шпіталі, адкуль сувязь трымаць прасцей.

Гэта першы такі выпадак?

Магчыма. З іншага боку, складана паверыць, што выхаваўчая методыка са збіццём непаўналетніх нарадзілася толькі зараз. СПТВ №2 – закрытая ўстанова, у ім навучэнцам нельга карыстацца тэлефонамі і інтэрнэтам. Фактычна сувязі са знешнім светам у падлеткаў няма, а значыць і паведаміць пра збіццё цяжка. Такім чынам, нельга нават аператыўна зняць пабоі.

Каго пакаралі за інцыдэнт?

Следчы камітэт паведаміў аб тым, што ў дачыненні да дырэктара СПТВ №2 Алега Малышкіна і ягонага намесніка распачалі крымінальную справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Ім пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі. Цікавы момант – на TUT.by маці пераказала словы сына аб тым, што падлеткаў білі тры чалавекі. Згодна з інфармацыяй следства, агрэсараў было двое. Раней былі затрыманыя настаўнік фізкультуры і намеснік дырэктара па рэжыме, зараз яны знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Што кажуць улады?

Міністэрства адукацыі, якому падпарадкоўваецца СПТВ №2, не адмаўляе факт зьбіцця. Калі верыць чыноўнікам, яны аператыўна адрэагавалі на інфармацыю аб злачынстве і аказалі дапамогу праваахоўным органам падчас следчых дзеянняў. З іншага боку, МінАд адмаўляе, што хрыбетнік Андрэю Шчаўлікаву зламалі супрацоўнікі вучылішча. Па іх дадзеных, Андрэй падчас уцёкаў няўдала саскочыў з чатырохметровага плота, які абмяжоўвае тэрыторыю СПТВ.

Што цяпер з дзецьмі?

У дадзены момант Андрэй знаходзіцца ў шпіталі на рэабілітацыі. Калі будзе ўстаноўлена, што па медыцынскіх паказчыках ён можа знаходзіцца ва ўмовах закрытага вучылішча, яго вернуць у СПТВ №2. Пяцёра астатніх хлопцаў ужо там.