У Магілёве сфармавалі камісію па выбарах у гарадскі Савет дэпутатаў
23 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі
Прэзідыум гарадскога Савета дэпутатаў і кіраўніцтва гарвыканкама 23 лістапада зацвердзілі склад гарадской выбарчай камісіі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28 склікання. З 17 прэтэндэнтаў у склад гарвыбаркама трапілі 13.
Па словах начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы гарвыканкама Міхаіла Свірыдзенкі, удзельнікаў камісіі адбіралі найперш па досведу працы ў выбаркамах мінулых гадоў.
– Была сфарміравана спецыяльная працоўная група з шасці чалавек, якая адабрала найбольш падыходзячых удзельнікаў, – распавёў Свірыдзенка.
Адзіны прадстаўнік «несістэмнай» апазіцыі Алег Аксёнаў, які вылучаўся ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у склад выбарчай камісіі не патрапіў.
Прысутны на пасяджэнні старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў прапанаваў замяніць вылучэнца ад КПБ Наталлю Базылеву на Аксёнава, спаслаўшыся на тое, што ў шмат якіх іншых краінах камуністычная партыя знаходзіцца пад забаронай.
На гэта запярэчыў старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў:
– На тэрыторыі Беларусі і на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі камуністычная партыя зарэгістраваная. Мы сёння незалежная Рэспубліка. Калі хтосьці забараніў – гэта іх права. Наша Рэспубліка дзейнічае па-свойму рашэнню і ў адпаведнасці са сваімі законамі.
Дакладчык Міхаіл Свірыдзенка, у сваю чаргу, заявіў, што працоўная група разглядала кожную кандыдатуру і адабрала лепшых.
Пасля гэтага прэзідыум гарсавета і кіраўніцтва гарвыканкама аднагалосна прагаласавалі за прапанаваных людзей. Па вынікуу гарадскую выбарчую камісію трапілі:
Алена Бальшакова – ад працоўнага калектыву маркетынгу аддзела інфармацыйных сістэм і разлікаў МГКУП «ЦГІС». Працуе дырэктарам МГКУП «ЦГІС».
Наталля Базылева – ад магілёўскай гарадской арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі. Юрыст-консульт ААТ «Пахавальная кампанія»
Антаніна Барсукова – ад магілёўскай гарадской арганізацыі ветэранаў і зборам подпісаў. Пенсіянер.
Валерый Варанцоў – зборам подпісаў выбаршчыкаў. Пенсіянер.
Вольга Гарбаценка – ад працоўнага калектыву выбаршчыкаў тэрапеўтычнага аддзялення №2 магілёўскай цэнтральнай паліклінікі. Начальнік аддзела кадрава-прававой работы цэнтральнай паліклінікі.
Міхаіл Ендрыжыеўскі – ад магілёўскай гарадской арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”. Выхавальнік магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча.
Таццяна Касаткіна – ад працоўнага калектыву выбаршчыкаў ЖЭУ №8 КУП ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна. Намеснік дырэктара КУП ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна.
Андрэй Краўцоў – ад магілёўскай гарадской арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Начальнік штаба грамадзянскай абароны Магілёўскага абласнога дыягнастычнага цэнтра.
Віктар Кутузаў – ад выбаршчыкаў шляхам падачы заявы. Загадчык кафедры аўтамабільных дарог БРУ.
Міхаіл Свірыдзенка – ад магілёўскай гарадской арганізацыі РГА “Белая русь”. Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай працы Магілёўскага гарвыканкама.
Вікторыя Цыганова – ад магілёўскай гарадской арганізацыі ГА «БРСМ». Другі сакратар ЦК «БРСМ».
Аляксей Марчанка – ад гарадской арганізацыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Дырэктар УКП «Магілёўскі гарадскі цэнтр развіцця малога прадпрымальніцтва».
Анатоль Чумакоў – ад Магілёўскай гарадской арганізацыі прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі. Старшыня гэтай арганізацыі.
Паседжанне цягнулася каля 15 хвілін.