2 лістапада ў Магілёўскім аблсудзе суддзя Мікалай Гладкі разгледзеў касацыйную скаргу Станіслава Паўлінковіча на штраф за ўдзел у мінскай акцыі пратэсту 8 верасня.

2 лістапада. Магілёў. Абласны суд. Ігар Лазоўскі


Падчас пасяджэння Паўлінковіч абвінаваціў суддзю першай інстанцыі Аксану Ратнікаву ў тым, што 13 верасня яна вынесла заведама неправасуднае рашэнне, якое варта адмяніць.

Суды ў сваёй дзейнасці арыентуюцца на Канстытуцыю, якая замацоўвае вяршэнства міжнародных дакументаў і нарматыўных актаў. Беларускія законы павінны ім адпавядаць, аднак закон аб масавых мерапрыемствах, па якім мне далі штраф у 460 рублёў, неправамерна абмяжоўвае свабоду мірных сходаў, – выказаўся актывіст.

 

Ён заявіў, што падчас суду першай інстанцыі паведамляў Ратнікавай пра парушэнні з боку супрацоўнікаў міліцыі. Паводле яго слоў, у матэрыялах справы няправільна пазначылі месца затрымання – Ленінскі РАУС замест тэрыторыі магілёўскага металургічнага завода, а таксама яму выдалі не тую копію пратаколу. Суддзя Аксана Ратнікава усе парушэнні назвала нязначнымі, пасля чаго вынесла рашэнне пра штраф.

Я прашу адмяніць рашэнне суда Ленінскага раёна, якое грунтуецца на законе аб масавых мерапрыемствах.  Канстытуцыяй замацавана маё права на свабоду мірных сходаў. Вядома, што сваім удзелам у акцыі 8 верасня ў Мінску я не нанёс нікому маральнай і фізічнай шкоды, не сапсаваў ніякай маёмасці, – заявіў Паўлінковіч.

Суддзя Мікалай Гладкі выслухаў довады актывіста, пасля чаго сыйшоў на саракахвілінны перапынак. Па выніках пасяджэння ён вынес рашэнне адмовіць у задавальненні скаргі.

Праваабаронца Барыс Бухель, які дапамагаў Паўлінковічу, паведаміў аб магчымасці звароту ў Камітэт па правах чалавека ААН ужо на гэтым этапе.