Валянцін Цішко лічыць, што сваім чарговым матэрыялам газета наўмысна ўводзіць чытачоў у зман і дыскрэдытуе ўладу.

1 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Гаворка ідзе пра артыкул «Чаму замежнікі павінны нас вучыць, як гадаваць дзяцей», што быў апублікаваны 24 кастрычніка на сайце выдання.

Падпісаны тэкст імем Ігаэла Ягуды, які называе сябе «палітолагам, аналітыкам па пытаннях дэмаграфічнага суверэнітэту і сямейнай палітыкі беларускіх пралайф-арганізацый і рабінам».

У матэрыяле рэзка крытыкуецца «Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў», які падрыхтаваў урад Рэспублікі Беларусь.

Ігаэл Ягуда называе дакумент працягам «Закона аб гендэрнай роўнасці» .. мэтай якога з’яўлялася адкрытае насаджэнне ЛГБТ-антыкультуры, разбэшчванне дзяцей, прыём дэклараваных вычварэнцаў на працу ў дзіцячыя ўстановы, і, вядома, перадача на «ўсынаўленне і удачарэнне» хлопчыкаў – педэрастам, дзяўчынак – лесбіянкам».

Пры гэтым аўтар сцвярджае, што «Нацыянальны план» сярод мэтаў мае «разбэшчванне дзяцей», «пазбаўленне дзяцінства» і «падрыхтоўку навальнят у моладзевых парламентах».

ЛГБТ-актывіст Валянцін Цішко звярнуў увагу на артыкул у “Вячэрнім Магілёве”, калі ўбачыў спасылку ў стужцы Facebook:

– Я адмыслова прагледзеў дакумент, пра які кажа аўтар «Вячоркі» і магу сцвярджаць, што там і блізка няма таго, пра што напісана ў артыкуле. Газета наўмысна ўводзіць людзей у зман і фармуе атмасферу нянавісці. Акрамя таго, у тэксце ёсць прамая дыскрэдытацыя дзяржаўнай улады. Усё гэта паслужыла падставай для звароту ў адпаведныя органы.

Малады чалавек накіраваў скаргі ва Упраўленне КДБ па Магілёўскай вобласці, у гарадскую пракуратуру і Міністэрства інфармацыі.

– Я папрасіў пачаць праверку гэтага матэрыялу і прыняць меры ў выпадку выяўлення парушэнняў заканадаўства. Я не разумею, як газета можа настолькі рэгулярна рабіць падобныя артыкулы і за гэтым не следуе рэакцыя гарадскіх уладаў. Па сутнасці, Вячэрні Магілёў негатыўна ўплывае на імідж горада, – лічыць Цішко.

Ён не ведае, якой будзе рэакцыя дзяржорганаў на ягоныя скаргі і ці будзе карысць. Пры гэтым актывіст упэўнены, што рэагаваць на такія газетныя публікацыі неабходна.

– Хай змяніць сітуацыю кардынальна не атрымаецца, але не адрэагаваць асабіста я не змог, – заявіў Цішко.