Да Дня памяці ахвяр палітычных рэпрэсій расказваем, як Магілёўскі райаддзел НКУС БССР вёў справу пецярых чалавек і што чакала чалавека, які пастанавіў іх расстраляць.

28 кастрычніка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Напачатку 90-х гадоў магілёўскія газеты не баяліся тэмы сталінскага тэрору. У канцы кастрычніка-пачатку лістапада прэса, як правіла, публікавала які-небудзь матэрыял на тэму палітычных рэпрэсіяў – ад кароткіх нататак пра мерапрыемствы каля памятнага Крыжа да вялікіх гісторый пра лёсы людзей.

У канцы кастрычніка 1993 году газэта “Веснік Магілёва” публікуе артыкул “Расстраляныя ў магілёўскай турме”, у якой распавядаецца пра тое, як пакаралі смерцю пяць магілёўскіх святароў. У кароткім фармаце і з уласнымі дапаўненнямі мы зноў ўзгадваем гэты матэрыял.

Асаблівая Тройка НКУС БССР у адным з дамоў вясновага Магілёва. Судом, трыбуналам яе нельга назваць, паколькі яна не судзіла, а толькі прыгаворвала. У працэсе пасяджэння Тройкі ня прамаўляліся прамовы і не прысутнічалі абвінавачаныя, паколькі іх доля ўжо была прадвызначаная ў кабінетах НКУС. Яна толькі перакладала гэтыя рашэнні на мову рэвалюцыйнай законнасці, якая была забойна кароткай – расстраляць!

9 сакавіка 1938 гады ў казённым пакоі замахваліся на жыццё. Засядала, дакладней забівала Асаблівая Тройка. Ад таго дня застаўся пажоўклы лісток “Выпіска з пратаколу №104. Слухалі справу №32267 Магілёўскага РА НКУС

Ганчарэнка Флор (Ціхан) Фёдаравіч, 1883 г.н., жыхар г. Магілёва, былы архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры, без пэўных заняткаў, украінец.

Мартышка Пётр Рыгоравіч,1884 г. н., украінец, былы манах Кіева-Пячэрскай лаўры, чорнарабочы першай Савлякарні.

Тамашоў Арсені Аляксей Конанавіч,1880 г. н., былы манах Магілёўскага манастыра, жыхар г. Магілёва, без пэўных заняткаў, судзімы.

Жабыка Ірынарх Іванавіч, 1879 г. н., жыхар Магілёва, былы манах Кіева-Траецкага манастыра, беларус, вартаўнік пякарні арцелі “Прасвет”, судзімы за антысавецкую дзейнасць.

Лабяк Емяллян Іванавіч, 1877 г. н., беларус, жыхар г. Магілёва, актыўны член царкоўнага савета, працаваў вартаўніком Санбуду.

Абвінавачваюцца ў тым, што ўваходзілі ў склад контррэвалюцыйнай групоўкі царкоўнікаў, праводзілі контррэвалюцыйную паражэнчую агітацыю, заклікалі насельніцтва да выступлення супраць мерапрыемстваў Савулады.

ПАСТАНАВІЛІ:

Ганчарэнку Флора (Ціхана) Фёдаравіча

Мартышку Пятра Рыгоравіча,

Тамашова Арсенія Аляксея Канановіча,

Жабыку Ірынарха Іванавіча,

Лабяка Емяльяна Іванавіча,

РАССТРАЛЯЦЬ.

Быў чалавек. Была асоба. А засталася паперка.

За што ж загубленыя людзі? Звернемся да дакумента, які завізаваў начальнік Магілёўскага РА НКВД Ягадкін. Гэта пастанова ад 28 лютага 1938 года аб выдзяленні ў асобную вытворчасць справы ўдзельнікаў контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганізацыі Ганчарэнкі, Мартышкі, Тамашова, Жабыкі і Лабяка.

Такім чынам, гэтыя людзі паўстанцы. Ёсць сэнс прачытаць пратаколы допытаў “паўстанцаў”, дакументы і паказанні сведак, якія маглі праліць святло на сітуацыю.

Пачнем з самага пісьменнага з пяцёркі архімандрыта Флора Ганчарэнкі. У пастанове аб меры стрымання і прад’яўленні абвінавачання яму запісана: “Ён з’яўляецца адным з удзельнікаў падпольнага манастыра ў горадзе Магілёве і, быўшы звязаным на глебе контррэвалюцыйнай дзейнасці з былым магілёўскім біскупам Аляксандрам Раеўскім, сумесна з іншымі манахамі праводзіў контррэвалюцыйную дзейнасць сярод насельніцтва“.

На падставе гэтага голага сцвярджэння 15 лютага чалавека арыштоўваюць.

З пратаколу ператрусу.

“Вопіс усяго забранага: пашпарт, зберкніжка на 526 рублёў, адна лыжачка з белага металу, адна чарка з белага металу, адна лыжачка з крыжам з белага металу, два простых крыжа, тры металічных сасуды, адзін убор царкоўны і розных кніг 15 штук“.

Акрамя пратакола допыту, нажаль, нічога: ні паказанняў сведак, ні пракламацыі, ні данясення агентаў. Паспрабуем успрыняць інфармацыю з пратаколу допыту Ганчарэнкі.

“Я прымаў удзел у служэннях. У 1935 году біскуп Крошачкін-Паўлінаў быў арыштаваны, а царкву закрылі. Затым я працаваў на розных работах. Сек дровы, насіў ваду, а ў 1937 годзе я звязаўся з папом! (Раеўскім). Я дапамагаў яму ў царкоўных служэннях. У 1937 году біскуп Раеўскі быў таксама арыштаваны. Я працаваў, дзе даводзілася.

Пытанне: Следства валодае звесткамі, што вы з’яўляліся удзельнікам падпольнага манастыра ў Магілёве. Прызнаеце гэта?

Адказ: Так, я прызнаю, што сапраўды удзельнік падпольнага манастыра.

Пытанне: Хто ўзначальваў контррэвалюцыйную арганізацыю падпольнага манастыра?

Адказ: Арцыбіскуп Крошачкін-Паўлінаў, протаіерэй Далгаполаў.

Пытанне: Дзе яны цяпер?

Адказ: Крошачкін арыштаваны, Далгаполаў памёр.

Пытанне: Хто ўваходзіў у вашу злачынную контррэвалюцыйную арганізацыю, акрамя вас і названых вамі асоб.

Адказ: Людзі прыходзілі памаліцца, прыязджалі з вёсак, я іх прозвішчаў не ведаю.

Пытанне: Дзе праводзіліся сходы контррэвалюцыйнай арганізацыі падпольнага манастыра?

Адказ:У доме былога арцыбіскупа Крошачкіна-Паўлінава.

Пытанне: Вы наведвалі сходы контррэвалюцыйнага падпольнага манастыра нелегальна?

Адказ: Так.

Пытанне: Пра што гаварылі на контррэвалюцыйных сходах падпольнага манастыра?

Адказ: Казалі пра тое, што Савецкая ўлада пераследуе рэлігію, не дае свабодна народу маліцца богу.

Пытанне: Якую вы асабіста праводзілі контррэвалюцыйную дзейнасць?

Адказ: Вёў контррэвалюцыйную прапаганду сярод людзей, то бок агітаваў даваць грошы на рамонт царквы, каб хадзілі ў царкву маліцца богу“.

На падставе толькi гэтага допыту начальства НКУС адправіла нявіннага чалавека пад Тройку-сякеру.

Дзівіць прымітыўнасць і лагічная непісьменнасць допыту на базе міфічнага падпольнага манастыра. Няма доказаў віны. Ды яны нікому і не патрэбныя. Забойства і рэпрэсіі павінны былі фіксавацца для справаздач перад вышэйшымі кіраўнікамі, якія, у сваю чаргу дакладвалі наверх Самому.

Няма неабходнасці прыводзіць факты з допытаў астатніх няшчасных. Яны ўсе пакорліва паўтаралі, што з’яўляліся контррэвалюцыянерамі ва ўлонні міфічнага падпольнага манастыра на вуліцы Крапоткіна, 4.

Крошачкін-Паўлінаў, пра якога казаў падчас допыту Ганчарэнка, у міру меў імя Пётр Кузьміч Крошачкін. У 1933 годзе ён стаў арцыбіскупам Магілёўскім з імем Паўлін. Жыў у раёне Падміколля, на вул. Грамадзянскай, у доме №56. У 1935 годзе яго арыштавалі за”стварэнне контррэвалюцыйнага падполля з ліку служыцеляў рэлігійнага культу і актыўных царкоўнікаў… контррэвалюцыйную дзейнасць накіраванай супраць калектывізацыі і іншых мерапрыемстваў партыі і ўрада ў вёсцы”. Арцыбіскупа Паўліна прысудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кемераўскай вобласці. 28 верасня 1937 году супраць яго завялі новую справу за стварэнне і кіраванне контррэвалюцыйнай групай. 3 лістапада яго расстралялі. У 2002 годзе Руская праваслаўная царква прылічыла яго да ліку святых.

Васіль Ягадкін

Галоўны кат Магілёва і вобласці ў 1938 годзе, які візаваў ордэры на арышты і накіраванне ў Асаблівую Тройку, начальнік УНКУС Магілёўскай вобласці (утворана 15 студзеня 1938 году) Васіль Міхайлавіч Ягадкін.

У 1938 году яму быў 41 год, ураджэнец Тулы. Нарадзіўся ў сям’і селяніна-бедняка. У органах УНК-АДПУ-НКУС з 1921.  9 мая 1938 загадам НКУС СССР быў узнагароджаны знакам “Ганаровы работнік УНК-АДПУ”. Старэйшы лейтэнант дзяржаўнай бяспекі.

11 красавіка 1939 года Ягадкіна расстралялі як ворага народа.