А актывіст Ілля Палоннікаў, які арганізаваў ямачны рамонт у вёсцы Севасцянавічіы, атрымаў двое сутак арышту пасля размовы з мужам старасты.

4 кастрычніка. Магілёў. Алесь Святліцкі


23 верасня жыхары і дачнікі вёскі Севасцянавічы, якая размешчана ў 8 кіламетрах ад Магілёва, сваімі сіламі адрамантавалі дарогу на цэнтральнай вуліцы. Для гэтага «Магілёўаблдарбуд» і ДРБУ №128 прывезлі па 30 тон асфальтагранулята і пясчана-гравійнай сумесі. Арганізаваў ўсе, па сутнасці, адзін чалавек – каардынатар руху «За дарогі Магілёў» Ілля Палоннікаў. Менш чым праз тыдзень яго затрымала міліцыя пасля скаргі старасты вёскі.

Пачытаць, як на самой справе праходзіў рамонт дарогі ў Севасцянавічах, вы можаце тут.

У нас у вёсцы ёсць стараста, Тамара Агароднікава. Ў яе ёсць муж. У пятніцу, 29 верасня, я вырашыў памыць сваю машыну. Падлучыў шланг да калонкі, пачаў мыць. Да мяне падышоў муж старасты і пачаў вінаваціць мяне ў тым, што я парушаю закон, бо мыю машыну такім чынам. Пачалася спрэчка. Я яму сказаў, што калі я парушаю, то няхай выклікае міліцыю, я нават гатовы быў заплаціць штраф. Ён пачаў абражаць маю сям’ю, назваў майго дзеда паліцаем, – распавёў Палоннікаў.

Па словах актывіста, для яго параўнанне роднага чалавека з фашыстам недаравальна. Увясну гэтага года ён нават дамогся таго, каб брацкую магілу ў вёсцы прывялі ў парадак упершыню за шмат гадоў.

Яшчэ тады старасце вёскі Тамары Агароднікавай за гэта «прыляцела». Пасля гэтага яна у мяне пачала пытацца, навошта я пішу скаргі, чым я наогул займаюся. Было шмат негатыву, – падзяліўся Ілля Палоннікаў.

Канфлікт з мужам старасты ля калонкі скончыўся гучнай сваркай, падчас якой, падкрэсліў актывіст, ён не дазволіў сабе ні воднага нецэнзурнага выраза. Гэта можа пацвердзіць адразу чатыры чалавекі. Нягледзячы на гэта, Агароднікава выклікала міліцыю і заявіла аб дробным хуліганстве з боку Палоннікава:

– Прыехаў участковы Сяргей Патапаў. Спачатку ён доўга аднекваўся, што яго змена заканчваецца, аднак пасля размовы са старастам вырашыў пасадзіць мяне ў «Газэль». Я пачаў патрабаваць у яго, каб ён узяў паказанні ў сведак канфлікту, на што ён мне адказаў, што гэта зацікаўленыя людзі і што ён нічога браць не будзе. У выніку мне прад’явілі, што я нецэнзурна лаяўся і хуліганіў. У Магілёўскім РАУС, куды мяне спачатку адвезлі, я запатрабаваў патэлефанаваць свайму абаронцу. Патапаў замест гэтага паспрабаваў выхапіць у мяне тэлефон, разбіў экран. У выніку мяне завезлі ў ІЧУ да панядзелка, – паведаміў Палоннік.

2 кастрычніка адбыўся суд, на якім суддзя Станіслаў Леўчанка прысудзіў актывісту двое сутак арышту. Іллі Палоннікаву залічылі суботу і нядзелю, якія ён прабыў у ІЧУ і выпусцілі.

– Я ўжо пабываў на прыёме ў начальніка Магілёўскага РАУС. У бліжэйшы час мы будзем разбірацца са шматлікімі парушэннямі з боку ўчастковага Патапова, – заявіў актывіст.

Ён лічыць, што адміністрацыйная справа супраць яго з’яўляецца спробай адпомсціць за сітуацыю з рамонтам дарогі. Фактычна, як заяўляе Палоннікаў, людзі паказалі, што могуць вырашаць праблемы без удзелу мясцовых уладаў.

– А раз так, то навошта яны патрэбныя і чым наогул яны займаюцца? – заўважыў каардынатар «За дарогі Магілёў».

Ілля Палоннікаў размаўляе з кіроўцай пагрузчыка падчас рамонту дарогі ў Севасцянавічах

Улада паспрабавала рэабілітавацца пры дапамозе мясцовай газеты «Прыдняпроўская ніва», якая фактычна падпарадкоўваецца раённаму выканкаму. У матэрыяле «Не засталіся ў баку», журналіст Алег Дзятлаў апісаў сітуацыю такім чынам, быццам менавіта раённыя чыноўнікі  вырашылі праблему з дарогамі, а жыхары толькі крыху дапамаглі:

З кожным годам усё больш чыстымі і прыгажэйшымі становяцца аграгарадкі і вёскі. Дзякуючы выразнай пазіцыі райвыканкама ў гэтым кірунку зроблена нямала, але многае яшчэ трэба зрабіць. У гэтым пытанні самі жыхары павінны праяўляць актыўную жыццёвую пазіцыю, а не быць староннімі назіральнікамі, бо ўсё выгоды робяцца для іх саміх, – напісаў журналіст.

Адной з галоўных гераінь матэрыялу стала тая самая стараста Тамара Агароднікава, якая заявіла на Палоннікава ў міліцыю. Згодна з тэкстам у «Прыдняпроўскай ніве», менавіта яна забяспечыла дастаўку матэрыялаў для рамонту дарогі.

Імя Іллі Палоннікава ў артыкуле не фігуруе. Ён ужо накіраваў электронны зварот у рэдакцыю з прычыны таго, што матэрыял не адпавядае рэчаіснасці.

– Я вёў перапіску з усімі дзяржорганамі, у мяне ёсць копіі і адказы, я трымаў кантакт з кіраўніцтвам «Магаблдарбуда» і ДРБУ №128. Стараста вёскі ўвогуле нідзе не мільгала. Улады проста вырашылі прыбраць усё ў свае рукі. Я папрасіў рэдакцыю разабрацца і апублікаваць абвяржэнне. У адваротным выпадку іх чакае суд, – рэзюмаваў Палоннікаў.