На першым месцы для міліцыі асаблівага прызначэння стаіць «законнасць».

26 верасня. Ігар Лазоўскі. Магілёў-Малая Бароўка. Галоўнае фота – супрацоўнік АМАП падчас “ціхага” затрымання ўдзельніка акцыі пратэсту 15 сакавіка


25 верасня на тэрыторыі базы АМАП УУС Магілёўскага аблвыканкама ў Малай Бароўцы быў урачыста адкрыты памятны знак службе міліцыі асаблівага прызначэння. Гэта першы такі помнік у Рэспубліцы Беларусь.

Падарылі манумент з мармуровай таблічкай і залацістым каршуном міліцэйскаму спэцназу падчас цырымоніі адкрыцця XIII рэспубліканскага агляду-конкурсу прафмайстэрства сярод падраздзяленняў і супрацоўнікаў патрульна-паставой службы міліцыі і АМАП.

На таблічцы па-руску выгравіраваны дэклараваныя прынцыпы АМАП – на першае месца вынеслі «законнасць», потым ідзе «гонар» і «адвага».

Нагадаем, у 2017 годзе менавіта супрацоўнікі АМАП у цывільным правялі серыю затрыманняў пасля акцый пратэстаў у Магілёве 15 сакавіка. Найбольш брутальным выйшла затрыманне актывіста Ігара Чырака.

Акрамя таго, на судзе над адным з прамоўцаў акцыі Аляксандрам Страхам камандзір падраздзялення АМАП Андрэй Барысенка заявіў, што апазіцыянер “крычаў” Жыве Беларусь “, а людзі адказвалі “Жыве”, як нацысты”. Тады УУС Магілёўскага аблвыканкама стала на абарону свайго супрацоўніка і паведаміла, што амапавец сказаў так, каб у суда была поўная карціна акцыі пратэсту.

Здымак – Алена Ігнатава, uvd.mogilev.by