Актывіста Станіслава Паўлінковіча зноў выклікаюць у міліцыю. У дзень, калі ў Менску пройдзе «Акцыя апярэджання».

6 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Актывіст, сябра аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Станіслаў Паўлінковіч, якога міліцыя падазрае ў распаўсюджванні порна ў сацсетцы, паведаміў праваабаронцам пра новы выкліку ў РАУС.

– Толькі што прыходзіла міліцыя. Доўга званілі, стукалі, казалі, што калі не адкрыю дзверы, то прыйдуць з АМАПам. Прыйшлося адкрыць дзверы і падпісаць позву. У пятніцу  мяне чакаюць у Ленінскім РАУС да 15 гадзін дня, – паведаміў актывіст днём 6 верасня.

Паўлінковіч не ведае, з якой мэтай яго выклікалі ў міліцыю. Яму вядома толькі, што туды ён пойдзе ў статусе падазраванага. Станіслаў сцвярджае, што дату – 8 верасня – міліцыянты выбралі невыпадкова.

– 8 верасня ў Мінску адбудзецца «Акцыя апярэджання». Спецыяльна выклікаюць менавіта ў гэты дзень і ў такі час, каб я ў Мінск на акцыю не трапіў. А я кроў з носу хацеў паехаць, – заявіў актывіст.

Праверка ў дачыненні да Станіслава Паўлінковіча па факце распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў доўжылася з сакавіка гэтага года. У жніўні была ўзбуджаная крымінальная справа. Два тыдні таму актывіста арыштавалі для прад’яўлення абвінавачвання, але ў следства не аказалася дастаткова падстаў для гэтага. Актывіста вызвалілі, аднак пакінулі ў статусе падазраванага.

Сваё пераслед актывіст звязвае з грамадскай дзейнасцю і ўдзелам у пратэстах восенню 2016 і вясной 2017 гадоў.