Яе абвінавачваюць у супрацоўніцтве з тэлеканалам БелСАТ.
5 верасня. Магілёў. Суд Кастрычніцкага раёна. Ігар Лазоўскі
Суддзя Кастрычніцкага раёна Наталля Ясенка распачала 5 верасня разгляд адміністрацыйнай справы супраць магілёўскай фрылансеркі Аліны Скрэбуновай.
Дзяўчыне ставяць у віну незаконны выраб сюжэту для тэлеканала «БелСАТ», які выйшаў у эфір15 ліпеня 2017 года. Ён быў прысвечаны суботніку, які праводзіла Магілёўскае таварыства аховы жывёл «Добрае сэрца».
Скрэбунова пачала свой выступ з хадайніцтва аб спыненні справы з-за памылак у пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні.
У першую чаргу яна звярнула ўвагу суддзі на тое, што яе абвінавачваюць у “незаконным удзеле ў вырабе прадукцыі СМІ”, тады як у Кодэксе аб адміністрацыйных парушэннях выкарыстоўваецца толькі фармулёўка “выраб прадукцыі СМІ”.
– Фармулёўкі ў законе трэба разумець літаральна, – заявіла Скребунова.
У хадайніцтве фрылансерка таксама пазначыла, што ў пратаколе не пазначана дакладнае месца правапарушэння і ёсць яшчэ некалькі памылак:
– У пратаколе сказана, што я з’яўляюся беспрацоўнай, але пры гэтым мяне абвінавачваюць у працы на тэлеканал БелСАТ. Гэта відавочная супярэчнасць, – адзначыла фрылансерка.
Яна нагадала суддзі, што двума з паловай месяцамі раней суддзя Кастрычніцкага раёна Кічыгін зазначыў на прававую непісьменнасць міліцыянтаў Кастрычніцкага РАУС і адправіў пратакол па ідэнтычнай справе на дапрацоўку.
Суддзя ў адказ паведаміла, што прыме рашэнне аб задавальненні хадайніцтва ў падчас працэсу.
Другім хадайніцтвам Аліна Скрэбунова папрасіла выклікаць на суд сведку, якая сцвярджала, што пазнала голас фрылансера ў агучцы сюжэту. Папярэдне паглядзеўшы відэа сюжэту, Наталля Ясенка хадайніцтва задаволіла.
Пасля гэтага Скрэбунова выступіла з прамовай, у якой заявіла, што пераслед за журналісцкую дзейнасць з’яўляецца прамым парушэннем правоў чалавека, якія замацаваныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама Канстытуцыяй РБ.
Пасля гэтага суддзя выклікала сведку Вольгу Карэнную. Яна, як апынулася, асабіста са Скребуновой не знаёмая. Карэнная не змагла дакладна сказаць, брала ў яе Аліна інтэрв’ю ці не, спаслаўшыся на вялікую колькасць чалавек навокал.
– Там было некалькі рэпарцёраў, якіх я асабіста не ведаю. Калі да мяне падыходзілі браць інтэрв’ю, то я, натуральна, нервавалася, на твары не глядзела асоба. Таму я не магу дакладна сказаць, што менавіта яна брала ў мяне інтэрв’ю, – сказала сведка.
Паколькі другая сведка – кіраўнік магілёўскага таварыства абароны жывёл «Добрае сэрца» Святлана Ярмоленкава – не прыйшла, у пасяджэнні вырашылі зрабіць перапынак. Працягнецца суд над Алінай Скрэбуновай 7 верасня.