Аляксандр Хамратаў накіраваў веер зваротаў у розныя ведамствы, каб даведацца, наколькі законна Коля Лукашэнка намалаціў пяць тон збожжа. 20 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Здымак – БелТА


Аляксандр Хамратаў здзівіўся, калі ўбачыў відэа, у якім сын прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі Мікалай кіраваў камбайнам і намалаціў, як паведамілі СМІ, пяць тон збожжа. Ён папрасіў органы ўнутраных спраў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны даць прававую ацэнку дзеянням прэзідэнта і яго сына.

Хамратаў папрасіў МУС ўсталяваць асобу, якая перадала кіраванне збожжаўборачным камбайнам 12-гадоваму хлопчыку, а таксама правесці праверку па факце адсутнасці ў Мікалая Лукашэнкі правоў на кіраванне транспартным сродкам.

– У дзеяннях сына прэзідэнта ўгледжваецца адміністрацыйнае правапарушэнне. Па Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, калі бацькі не выконваюць свае абавязкі па выхаванні, з-за чаго непаўнагадовы здзяйсняе адміністрацыйнае правапарушэнне або злачынства, то гэта цягне накладанне штрафу да 10 базавых велічынь, – лічыць праваабаронца.

Ад Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Хамратаў чакае інфармацыі пра тое, ці дапускае заканадаўства допуск да працы на камбайне дзіцяці дванаццаці гадоў, ці ажыццяўляўся  медыцынскі перадрэйсавы агляд Мікалая Лукашэнкі, ці быў ён азнаёмлены з тэхнікай бяспекі і ці праходзіў сын прэзідэнта першасны інструктаж.

Прычынай свайго звароту ў розныя структуры Аляксандр Хамратаў называе двайныя стандарты ў адносінах да ўладаў і ў адносінах да звычайных людзей:

– Гэта ўсяго толькі папулізм і спроба піяру з дапамогай уласнага сына. Відавочна, што ніхто іншы не змог бы пасадзіць вось так вось 12-гадовага дзіцяці за руль камбайна і застацца беспакараным. А тут, хутчэй за ўсё, уладам усё сыдзе з рук, – выказаўся праваабаронца.