Аўто з несапраўднымі нумарнымі знакамі знаходзіцца на штрафстаянцы ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама ўжо месяц.

13 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


 

Нагадаем, здымак аўтамабіля ВАЗ мадэлі 2101 з нумарным знакам самаабвешчанай ЛНР з’явіўся ў Фэйсбуку члена АГП Уладзіміра Шанцава 3 ліпеня – у Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Дадзены тып нумароў пачаў выдавацца толькі вясной 2016 года і да гэтага часу на міжнародным узроўні прызнаны толькі Расійскай Федэрацыяй. Фактычна, на тэрыторыі Беларусі такія нумарныя знакі з’яўляюцца несапраўднымі.

Абласны Савет АГП прасіў УУС Магілёўскага аблвыканкама «патлумачыць сітуацыю з перамяшчэннем па горадзе транспартных сродкаў з нумарнымі знакамі непрызнанай у нашай краіне і ў свеце рэспублікі».

– Гісторыя са з’яўленнем у Магілёве «Капейкі» з нумарнымі знакамі неіснуючай ЛНР атрымала нечаканы працяг, – заявіў Уладзімір Шанцаў у FB.

– Як мне растлумачылі ў ДАІ Кастрычніцкага р-на Магілёва, гэта аўто ўжо больш за месяц на штрафстаянцы, матэрыялы для праверкі (нумар кузава, нумар рухавіка і г.д.) адпраўленыя ў кампетэнтныя органы Украіны, – зазнычыщ лідэр рэгіянальнай арганізацыі АГП.

На думку палітыка, дакументы і нумарныя знакі, выдадзеныя «фэйкавай арганізацыяй», у нашай краіне несапраўдныя. 
– Асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласцей перанасычаныя няўлічанай зброяй і адціснутымі аўтамабілямі і нам лішнія праблемы не патрэбныя. Па гэтым пытанні ў нас з праваахоўнымі органамі рознагалоссяў няма ніякіх, – заявіў Уладзімір Шанцаў.