Журналіст Уладзімір Лапцэвіч дагэтуль спрабуе прыцягнуць да адказнасці супрацоўніка Адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанціна Кісцянёва.
11 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі
29 красавіка ў будынку Адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва адбыўся сход членаў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”. Члены кааператыва запрасілі для асвятлення мерапрыемства журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча, аднак прадстаўнік раённай улады Канстанцін Кісцянёў адмовіўся пусціць карэспандэнта ў залу. Журналіст напісаў скаргу ў Ленінскі РАУС, у якой папрасіў прыцягнуць чыноўніка да адміністрацыйнай адказнасці. Участковы Емяльяненка пастанавіў спыніць вытворчасць за адсутнасцю складу правапарушэння, аднак суд адмяніў пастанову і адправіў справу на новы разгляд.
Аднак і ў другі раз міліцыя не знайшла слядоў парушэнні. Лапцэвіч яшчэ раз абскардзіў пастанову аб спыненні справы ў судзе, і выйграў. Ён даказаў, што ўчастковы Аляксандр Шмаянкоў не апытваў яго, як гэта было пазначана ў рапарце.
Выкрыўшы хлусню міліцыянта, Уладзімір Лапцэвіч звярнуўся ў гарадскую пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку дзеянням Шмаянкова.
Гарадская пракуратура прызнала памылкі, дапушчаныя участковым і вынесла яму афіцыйнае папярэджанне. Але гэта аказалася не ўсё.
Намеснік пракурора Магілёва Аляксандр Каранькоў паведаміў журналісту, што даў пісьмовае ўказанне кіраўніцтву Ленінскага РАУС, каб справу ў дачыненні да чыноўніка Канстанціна Кісцянёва спынілі з-за сыйшоўшых тэрмінаў.
– Атрымліваецца, што суд накіраваў справу на новы разгляд, а пракуратура, у сваю чаргу, загадвае справу спыніць. Пракуратура не можа гэтага зрабіць, яна можа вынесці пратэст на рашэнне суда і тады павінен быць яшчэ адзін новы суд. Больш за тое, ніякія тэрміны яшчэ не скончыліся, – распавёў Лапцэвіч.
Па КаАП, адміністрацыйнае спагнанне можа быць накладзена не пазней за два месяцы са дня здзяйснення правапарушэння. У гэтым жа Кодэксе пазначаны момант, які, як лічыць карэспандэнт БелаПАН, намеснік пракурора праігнараваў.
– У КаАП выразна сказана, што ў выпадку адмены або страты сілы пастановы па справе аб адміністратыўным правапарушэнні, пры новым разглядзе спагнанне можа быць накладзена не пазней за два месяцы з дня адмены пастановы. Гэта значыць адміністрацыйнае спагнанне на Кісцянёва могуць накласці па законе да 28 верасня, – выказаў свой пункт гледжання Уладзімір Лапцэвіч.
Пастанову намеснік пракурора Каранькова журналіст абскарджвае ў абласной пракуратуры.