Гарадскія ўлады заявілі, што падстаў для звальнення Алы Галушкі няма, а рашэнне гарадскога выканаўчага камітэта аб масавых мерапрыемствах адпавядае Канстытуцыі.
14 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Рада Магілёўскай абласной арганізацыі АГП у чэрвені накіравала ў гарвыканкам заяву, у якой запатрабавала адмяніць рашэнне аб масавых мерапрыемствах, а таксама вызваліць ад пасады за сабатаж Канстытуцыі Алу Галушку, якая адказвае за ідэалагічную працу на гарадскім узроўні.
Партыйцы выступілі за адмену аплаты камунальных службаў і «хуткай» пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, а таксама выказаліся за паведамляльны, а не дазваляльны характар заявак.
Кіраўнік спраў гарвыканкама Сяргей Шынкарэнка ў зваротным лісце заявіў, што рашэнне аб масавых мерапрыемствах прайшло юрыдычную экспертызу і цалкам адпавядае Канстытуцыі.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў траўні бягучага года гарвыканкам прапаноўваў АГП ўнесці прапановы па змене існуючага рашэння, аднак партыя так і не прадставіла свае задумкі.
Што тычыцца звальнення намеснік старшыні гарвыканкама Алы Галушка, Шынкарэнку напісаў, што для гэтага ніякіх падстаў няма. Ён не ўгледзеў з яе боку сабатажу Канстытуцыі з-за адхіленні заявак апазіцыі на правядзенне мітынгаў.
Магілёўскую абласную арганізацыю АГП адказ не задаволіў і цяпер яна гатовая абскардзіць яго на абласным узроўні.
«Што тычыцца спадарыні Галушка, то агіднае становішча спраў з практыкай арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў звязана перш за ўсё з яе дзеяннямі і бяздзейнасцю. Масавыя палітычныя рэпрэсіі пасля правядзення мірных мітынгаў пратэсту ў лютым і сакавіку гэтага года, арышт арганізатара мітынгу 1 траўня – гэта следства неабгрунтаваных адмоваў у іх правядзенні, а пад гэтымі дакументамі стаіць подпіс Галушкі », – гаворыцца ў скарзе АГП.
Акрамя гэтага, партыйцы просяць прывесці рашэнне гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах у адпаведнасць з міжнароднымі дакументамі і Канстытуцыяй.