У 1997 годзе ў Камітэце па правах чалавека ААН упершыню зарэгістравалі скаргу з нашай краіны.
29 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Паведамленне №780/1997. Пад такім нумарам была зарэгістравана першая ў гісторыі Камітэта па правах чалавека ААН скарга з невялікай краіны побач з Расеяй.
Што пра яе ведалі?
У 1994 годзе ў гэтай краіне прайшлі першыя прэзідэнцкія выбары. У першым туры ні адзін з кандыдатаў не змог набраць патрэбную колькасць галасоў для перамогі. У другім туры перамогу атрымаў малады палітык Аляксандр Лукашэнка.
У 1995 малады прэзідэнт абвясціў пра неабходнасць рэферэндуму. Беларусь змяніла сцяг, герб і геапалітычны шлях.
У 1996 годзе ўжо зарэкамендавашы сябе палітык Аляксандр Лукашэнка атрымаў практычна неабмежаваную ўладу пасля рэферэндуму, які АБСЕ, Савет Еўропы і Еўрасаюз прызналі нелегітымным.
Акрамя пытання аб форме праўлення (з парламенцка-прэзідэнцкай Рэспубліка стала прэзідэнцкай), на рэферэндуме вырашылася пытанне пра смяротнае пакаранне. Па афіцыйных дадзеных, 80% беларусаў вырашылі пакінуць смяротнае пакаранне.
Адмена смяротнага пакарання дазволіла б Беларусі ўступіць у Савет Еўропы, а беларусам – падаваць скаргі ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. У адрозненні ад рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН, рашэнні Еўрасуду – абавязковыя. Хто ведае, якой была б наша краіна, калі б яна павінна была выконваць загады міжнароднай структуры?
***
23 сакавіка 1997 гады ў цэнтры Магілёва кіраўнік мясцовага аддзялення Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Уладзімір Лапцэвіч раздаваў мінакам улёткі. Яны былі прысвечаны гадавіне абвяшчэння першай нацыянальнай дзяржавы беларусаў – Беларускай Народнай Рэспублікі.
Іх не было шмат. Калі яго затрымала міліцыя – у актывіста заставалася роўна 37 штук. Увогуле-то, наўрад ці міліцыя моцна разбіралася, што там было напісана і чаму што прысвечана. Часы ўжо змяніліся. Культурна-гістарычны рэнесанс пачатку 90-х змяніўся уздымам маладой і злой паліцэйскай дзяржавы. У гэтай рэальнасці гаспадарамі былі яны – людзі ў шэрай уніформе.
Уладзіміра Лапцэвіча назвалі правапарушальнікам і склалі адмінпратакол за распаўсюд улётак, якія не маюць выходных дадзеных. Палітыку далі штраф – 390 тысяч беларускіх рублёў. Даляр у студзені 1997-га каштаваў 21 тысячу – усяго Лапцэвіч быў вінен дзяржаве за ўлёткі каля 20 баксаў.
Мала? Напрыканцы 1997 года сярэдняя зарплата складала 70 у.а.
Лапцэвіч праверыў усю судовую сістэму на трываласць, дайшоўшы са скаргамі да Вярхоўнага суда, але дзяржава не змяніла свайго рашэння.
Улетку 1997 года Лапцэвіч адправіў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Ён паскардзіўся на тое, што Рэспубліка Беларусь парушыла артыкул 19 Пакта аб Міжнародных і палітычных правах – артыкул аб свабодзе слова.
У жніўні адзін з клеркаў Палаца Нацый у швейцарскай Жэневе атрымаў аблеплены паштовымі маркамі канверт. Нічога дзіўнага ў гэтым канверце, на першы погляд, не было – такія прыходзяць у КПЧ ААН пачкамі. Але гэты быў унікальным. Ніколі раней клеркі не атрымлівалі скаргі з Рэспублікі Беларусь. Уладзімір Лапцэвіч стаў першым беларусам, які выступіў супраць дзяржавы на міжнароднай трыбуне.
***
Гэта было доўгае трохгадовае супрацьстаянне.
Лапцэвіч заявіў, што ў яго было ўсяго 200 улётак. Пры такой колькасці ўказваць выходныя дадзеныя нават па законах Рэспублікі Беларусь было неабавязкова. Палітык заявіў, што дзяржава праігнаравала ўласную Канстытуцыю, якая гарантуе права на свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне і права на распаўсюд інфармацыі.
Першы адказ Рэспубліка Беларусь аформіла да ліпеня 1998 года. На думку айчынных чыноўнікаў, Лапцэвіч не аспрэчыў сам факт распаўсюджвання ўлётак. А тое, што іх было ўсяго дзвесце, не мае значэння:
«Выключэнні з патрабавання ўказваць выходныя дадзеныя для накладу менш за 300 асобнікаў на улёткі не распаўсюджваюцца», – сухі афіцыйны адказ, які падрыхтавалі ў Міністэрстве замежных спраў краіны.
Адчуваючы слабасць сваёй пазіцыі, дзяржава вырашылася звярнуцца да ідэалагічных прыёмам:
«У змесце улётак, якія распаўсюджваў аўтар, скажаецца гісторыя станаўлення беларускай дзяржавы, паказваецца акупацыя бальшавікамі, якая нібыта мела месца, гаворыцца аб ўзброенай барацьбе беларусаў супраць “акупантаў”, утрымліваецца заклік да пераймання гэтай барацьбы за незалежнасць Беларусі ў цяперашні час», – заявіла Рэспубліка.
У кастрычніку 1998 года ў Палацы Нацый зарэгістравалі адказ Лапцэвіча. Ён пагадзіўся, што назваў бальшавікоў акупантамі, аднак у сілу таго, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца “неідэалагізаванай” дзяржавай, ніякага пакарання да яго ўжываць не павінны.
Санкцыі ў дачыненні да сябе Лапцэвіч назваў прадузятымі і раўназначнымі пераследу з палітычных матываў, паколькі ён узначальвае магілёўскае аддзяленне Беларускай сацыяльна-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”.
***
У сакавіку 2000 года беларусаў менш за ўсё цікавіла тое, што адбывалася ў Швейцарыі. Іх ўвагу займалі падзеі ў Расіі – там плявалася крывёю Другая чачэнская вайна. НТВ і ОРТ кожны дзень збіралі рэйтынгі, беларусы спрабавалі выжыць пасля дэнамінацыі і спадзяваліся на светлую будучыню.
У гэты час барацьба маленькага чалавека і маленькай краіны падыходзіла да канца.
20 сакавіка 2000 года трынаццаць членаў Камітэта па правах чалавека ААН разгледзелі паведамленне №780/1997 «Лапцэвіч супраць Беларусі».
Трынаццаць членаў прызналі, што заканадаўства перашкаджала праву Уладзіміра Лапцэвіча распаўсюджваць інфармацыю.
Трынаццаць членаў прызналі, што дзяржава не зрабіла ніякіх спробаў для вывучэння абставінаў канкрэтнай справы аўтара.
Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што Рэспубліка Беларусь парушыла правы свайго грамадзяніна. Гэта было першае падобнае рашэнне з мноства.
КПЧ ААН загадаў вярнуць суму штрафу і ўсе судовыя выдаткі Уладзіміру Лапцэвічу. Камітэт прызнаў, што беларускія ўлады не павінны больш парушаць артыкул 19 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
***
Дваццаць гадоў таму Уладзімір Лапцэвіч стаў першым, хто з беларусаў звярнуўся, па сутнасці, у міжнародны суд. У 2017 годзе ў КПЧ ААН зарэгістраваны дзесяткі скаргаў беларусаў. Па большасці з іх Камітэт прызнае віну дзяржавы. Аднак Рэспубліка Беларусь ужо прывучылася. Яна не лічыць рашэнні КПЧ ААН абавязковымі для выканання.