Аляксандру Царуку двойчы прыгадалі, як ён перашкаджаў машыне з «ціхарамі» забраць Ігара Чырака.
21 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі
ДАІ УУС Магаблвыканкама прызнала Царука вінаватым у тым, што 15 сакавіка прыблізна каля сямі гадзін увечары мужчына рухаўся па праезнай часткі, нягледзячы на наяўнасць тратуара.
Здарылася гэта ў момант, калі людзі ў спартовых касцюмах спрабавалі сілай заштурхаць у машыну і звезці ў невядомым накірунку ўдзельніка Марша недармаедаў Ігара Чырака. Пасля аказалася, што гэта былі супрацоўнікі АМАП, аднак у той момант ніякіх дакументаў яны не прад’явілі.Усё гэта падштурхнула Аляксандра Царука перашкаджаць машыне з ціхарамі пакінуць месца здарэння.
– Я пачуў гучны крык аб дапамозе, які даносіўся з боку вуліцы Лепяшынскага, каля дома №47. Падышоўшы, я ўбачыў пад забараняльным знакам «Прыпынак забаронены» легкавую аўтамашыну з непрацуючым рухавіком і без якіх-небудзь спецыяльных апазнавальных знакаў, і як у гэты аўтамабіль нейкія невядомыя людзі ў цывільным адзенні сілай спрабавалі заштурхаць мужчыну, які прасіў аб дапамозе. Вонкава гэта выглядала, як выкраданне чалавека, – распавёў Аляксандр Царук.
Паводле яго слоў, каля машыны на праезнай часткі знаходзілася шмат людзей, якія патрабавалі ад захопнікаў прад’явіць дакументы, растлумачыць, што адбываецца і прадставіцца.
– Я таксама падышоў да машыны і запатрабаваў ад мужчын спыніць выкраданне чалавека, прадставіцца і прад’явіць дакументы. Але захопнікі запхнулі хлопца ў машыну і закрыліся ў ёй.
Каб затрымаць іх да прыезду міліцыі натоўп, у якім быў і я, атачыў машыну. Нехта патэлефанаваў па нумары 102, людзі гучна клікалі міліцыю. Праз некалькі хвілін пад’ехала міліцэйская машына. Людзі пагадзіліся вызваліць праезную частку пры ўмове, што міліцыянт праверыць дакументы ў захопнікаў і ўсталюе іх асобы, а таксама растлумачыць тое, што адбываецца. У гэты час з’явілася шмат мужчын спартыўнага віду ў капюшонах, якія адціснулі людзей з праезнай часткі і далі магчымасць захопнікам з’ехаць, – паведаміў Царук.
Калі ён ужо накіроўваўся дадому, яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі. У Ленінскім РАУС на яго склалі пратакол па артыкуле 23.4 «Непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі» за адмову пакінуць праезную частку. За гэта суд Ленінскага раёна прысудзіў яму штраф у 25 базавых велічыняў.
Аднак гэтага аказалася мала – на яго склалі яшчэ адзін пратакол, на гэты раз – за парушэнне ПДР, а менавіта за рух па праезнай частцы пры наяўнасці тратуара. ДАІ прызнала яго вінаватым і дала максімальны штраф у 3 базавыя велічыні.
– Атрымліваецца, за адно і тое ж парушэнне мяне аштрафавалі двойчы, – сказаў на заканчэнне Царук.
Ён мае намер дамагацца адмены абодвух пастаноў, бо лічыць свае дзеянні спробай прадухіліць выкраданне чалавека.