Старшыні абласной арганізацыі АГП, каардынатару «Маршаў недармаедаў» у Магілёве Уладзіміру Шанцаву далі адміністрацыйны арышт.
15 сакавіка. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі. На здымку – Уладзімір Шанцаў у сінім “Опелі”. Праз 10 секунд яго павязуць на “суткі”.
Суд над Шанцавым адбыўся раніцай 15 сакавіка, аднак ніхто не змог трапіць на працэс. Група журналістаў і праваабаронцаў дзяжурыла каля суда яшчэ да яго адкрыцця, аднак Шанцава прывезлі таемна яшчэ раней на цывільнай машыне – сінім «Опелі» з нумарным знакам 0345ЕХ. На гэтым жа аўтамабілі ўчора забралі Алега Аксёнава. У абодвух выпадках транспартным сродкам кіраваў намеснік начальніка Ленінскага РАУС Юрый Калацілкін.
Журналісты і праваабаронцы ўбачылі толькі, як Шанцава выводзілі з будынку суду. Ён паспеў коратка паведаміць, што раніцай яго забралі з ІЧУ і хутка даставілі ў суд. Суддзя Ірына Ланчава адмовіла яму ў прысутнасці гледачоў і сведак, сам працэс доўжыўся 2 гадзіны.
Выглядаў палітык разгубленым і прыгнечаным. Міліцыянты не перашкаджалі здымкам і пытанням журналістаў, аднак вельмі хутка давялі Уладзіміра Шанцава да таго ж сіняга «Опеля» і павезлі.
«Цяперашні рэжым, як і падчас КПСС, абавязкова абрынецца», – сказаў абласной лідэр АГП напрыканцы.
Праваабаронца Аляксей Колчын паспрабаваў высветліць ў старшыні суда Ленінскага раёна Галіны Кужалявай, чаму Шанцава судзілі таемна. На гэта яна адказала, што матэрыялы на сённяшні суд паступілі яшчэ ўвечары 14 сакавіка, але пры гэтым яна не ведае, чаму палітыка судзілі ў такой сакрэтнасці. У раскладзе судоў адміністрацыйны працэс па справе Шанцава таксама не значыцца.
Уладзімір Шанцаў стаў другім чалавекам, якога асудзілі за «Марш недармаедаў» у Магілёве. Днём раней 15 сутак атрымаў каардынатар БХД у Магілёве Алег Аксёнаў.