Як стала вядома mspring.online, як мінімум адзін магілёвец трапіў пад нефармальны допыт камітэта дзяржбяспекі за тое, што заходзіў на старонку ТГБ.
Допыт адбыўся яшчэ на мінулым тыдні. У мэтах бяспекі наша крыніца папрасіла не выдаваць ягонае імя і канкрэтную дату, калі адбылася сустрэча з супрацоўнікамі КДБ. Пры гэтым ён прадставіў у рэдакцыю нумар тэлефона, з якога яму тэлефанаваў прадстаўнік сілавога ведамства.
– Спачатку патэлефанавалі па мабільным тэлефоне, прапанавалі сустрэцца. Я быў на працы, сказаў, каб даслалі позву, калі хочуць са мной сустрэцца. Праз нейкі час яны датэлефанаваліся да дырэктара, пасля чаго дырэктар сказаў, што ён будзе не супраць, калі я з’езджу.
Паводле словаў крыніцы, супрацоўнікі вялі сябе з ім карэктна. Фармат размовы яны пазначылі як «прафілактычную гутарку».
– Яны пыталіся, чым я займаюся, ці збіраюся ехаць ваяваць на Украіну, навошта заходзіў на старонку «Тактычнай групы Беларусь». Пры гэтым паскардзіліся, што заданне спусцілі зверху. Наколькі я зразумеў, у КДБ прабіваюць IP-адрасы, размешчаныя ў Беларусі, з якіх заходзілі на сайт.
Крыніца адзначыла, што супрацоўнікі дзяржбяспекі некалькі разоў далі зразумець, што яны выдатна дасведчаныя, што адбываецца ў яго сям’і. Аднак прамых пагроз ад іх не паступала.
– Дапускаю, што ў дадзены момант ідзе адпрацоўка тых, хто заходзіў на гэтую старонку. Прычым, як я зразумеў, спачатку праца вялася ў Мінску, а цяпер загад паступіў ва ўсе рэгіянальныя ўпраўленні КДБ, – сказаў на заканчэнне наш суразмоўца.
ДАВЕДКА: Тактычная група «Беларусь» – узброенае фарміраванне добраахвотнікаў з Беларусі, якія ваююць на Данбасе на баку Ўкраіны. Створана вясной 2015 года. Сваёй галоўнай мэтай група бачыць “сумесную барацьбу за незалежнасць Украіны, таму што вораг наш агульны – маскоўская імперыя, і лінія фронту зараз праходзіць тут”.