Валадар Цурпанаў публічна выказаў незадаволенасць уключэннем свайго імя ў спіс прэтэндэнтаў на званне “Чалавек года” па версіі ініцыятывы «Грамадскі магістрат».
26 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
28 студзеня ў Магілёве адбудзецца падвядзенне вынікаў V-га конкурсу «Чалавек года» па версіі грамадскай ініцыятывы “Грамадскі магістрат”. У ім бяруць удзел грамадскія дзеячы, палітыкі і актывісты, чыя дзейнасць была найбольш прыкметная на працягу года. Адным з прэтэндэнтаў на званне “Чалавек года” быў праваабаронца Валадар Цурпанаў, аднак ён у рэзкай форме выказаўся супраць удзелу ў конкурсе.
У каментары для mspring.online Цурпанаў растлумачыў, што выклікала ў яго такую рэакцыю:
– Абвастрэнне сітуацыі ў краі, падзеі ва Ўкраіне, пагроза з Усходу прымушаюць крытычна і сур’ёзна ставіцца да таго, што адбываецца навокал, асабліва ў тым полі, у якім дзейнічаеш сам, – заявіў праваабаронца. – Чаму прыйшлося адрэагаваць? Перапоўнілася чаша цярпення. Сёння конкурс “Чалавек года” – гэта прыватызацыя невялікай групай людзей, якія дзейнічаюць у грамадскім сектары, справы агульнагарадской. Сама форма і спосаб рэалізацыі апытання і блізка не мае нічога агульнага з дэмакратыяй. Мы можам перавярнуць люстэрка і ўбачыць, што гэтак жа сама робяць і ўлады: кулуарна нешта аб‘яўляецца, робіцца імітацыя дзейнасці, а потым публікуюцца вынікі, якія шакуюць тых, хто лічыў, што яго голас на нешта паўплываў . Як можна сур‘ёзна ставіцца да такіх рэчаў, калі бяруць ўдзел пара сотняў чалавек, якія зойдуць на сайт і націснуць на кнопку, пры тым, што ў горадзе жыве тысяч дзвесце дарослага насельніцтва.
Па словах Валадара Цурпанава, яго таксама абурыла выкарыстанне імя і прозвішчы без ягонага ведама:
– Ты робіш нешта на працягу года сумленна, крытычна і адказна. Нейкія людзі, назваўшыся гучным імем, лічаць, што яны маюць права вызначаць і судзіць маю чыннасць, нічога не робячы ў гэтым кірунку. Таму гэта абурэнне захопніцкімі дзеяннямі у дачыненні да таго, што я раблю. Я ўпэўнены, што яны імкнуліся маім прозвішчам надаць большай вагі і сур’ёзнасці гэтаму конкурсу, – упэўнены праваабаронца.
Кіраўнік “Грамадскага магістрата” Аляксандр Сілкоў прымае пазіцыю Цурпанава, аднак абвінавачванні ў кулуарнасці аспрэчвае:
– Праваабаронцы – сціплыя людзі. У мінулым годзе праваабаронца Уладзімір Краўчанка таксама адмаўляўся ад удзелу. Гэта асабістая права кожнага. Хачу сказаць, што мы вельмі паважаем Валадара Цурпанава. Ён адзін з лепшых праваабаронцаў і адзін з лепшых маіх сяброў. Што тычыцца кулуарнасці, я павінен заўважыць, што выбар, які мы робім па “Чалавеку года” і па “Падзеі года”, складаны і шматступенны.
На першым этапе мы бярэм 25 электронных СМІ, якія пісалі пра Магілёў і магілёўцаў. Група з чатырох сацыёлагаў праводзіць кантэнт-аналіз крыніц за цэлы год і вызначае, чыё імя гучала часцей і ўлічвае кантэкст. На падставе гэтых дадзеных мы размяркоўваем месцы. Аднак гэта толькі 30% працы. Наступныя 30% – гэта народнае галасаванне, якое праходзіць на сайце 6tv.by. Так, я згодны, што калі чалавек добры, то ў яго можа быць шмат сяброў, якія могуць прагаласаваць і паўплываць на зыход. Аднак ёсць яшчэ 30% – на паседжанні “Грамадскага магістрата” выстаўляе адзнакі экспертная камісія, куды ўваходзяць, напрыклад, доктар сацыялагічных навук Юрый Бубнаў, гісторыкі Аляксандр Агееў і Ігар Пушкін, грамадскія дзеячы Алесь Сабалеўскі, Віталь Макаранка і Зміцер Салаўёў. І толькі потым сумуюцца дадзеныя ўсіх трох этапаў і абвяшчаецца пераможца, – паведаміў Сілкоў.
Па сцвярджэнню лідэра “Магістрата”, конкурс неабходны для таго, каб “паказаць чалавеку, што ён зрабіў вельмі шмат для горада Магілёва, што грамадская дзейнасць робіць горад яшчэ лепш”.
Акрамя Валадара Цурпанава, на званне “Чалавек года” па версіі “Грамадскага магістрата” прэтэндуюць кіраўнік гарадскога аддзялення ТБМ Алег Дзьячкоў, палітыкі Уладзімір Шанцаў і Ігар Барысаў, грамадскія актывісты Дзяніс Васількоў і Леанід Платоненка, эколаг Ганна Скрыган, а таксама жанчыны, якія “праявілі цвёрдасць пры адкрыцці беларускамоўнага класса” – Галіна Турандзіна і Ганна Самойленка.