Каманда праекта працуе па зваротах, якія будуць накіраваныя дэпутатам Анатолю Хішчанка, Вользе Петрашовай і Аляксандру Старавойтаву.

26 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Як адзначаюць у праекце, у бліжэйшыя суткі будуць накіраваныя два з трох зваротаў.

– Усе звароты былі прааналізаваныя нашым юрыстам. Асаблівых нараканняў па ім няма. Два з трох зваротаў складзеныя выразна і проста, яны ўжо гатовыя да адпраўкі дэпутатам. Акрамя таго, мы праінфармуем грамадзян, якія звярнуліся праз нас, пра бліжэйшы прыём, які будзе праводзіць іх дэпутат, а таксама пастараемся адсачыць, наколькі ў тэрмін прыходзяць адказы. Абодва гатовых зварота – да Хішчанкі і Старавойтава – тычацца тэмы ЖКГ і добраўпарадкавання. Яшчэ адзін прысвечаны праблеме з суседзямі, аднак па ім мы яшчэ будзем працаваць з аўтарам, паколькі, на наш погляд, зварот складзены не зусім карэктна. Мы прапануем свой варыянт афармлення і, калі ён задаволіць грамадзян, дашлем дэпутату Петрашовай, – паведаміў адзін з удзельнікаў праекта Аляксандр Буракоў.

Паводле яго слоў, акрамя электронных зваротаў, каманда «Депутаты.Могилев» плануе аформіць як мінімум адзін калектыўны пісьмовы зварот да канца студзеня.

– Мы маем намер прыцягнуць дэпутата Аляксандра Старавойтава да вырашэння аднаго досыць гучнага пытання, якое не можа вырашыцца больш за год. Інфармацыю пра гэты кейс мы апублікуем абавязкова, – сказаў Буракоў.