Ленінскі РАУС адмовіўся прызнаваць падробку дакументаў з боку мясцовых чыноўнікаў.

17 кастрычніка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Жыхары пяці дамоў па вуліцах Заслонава і Будаўнікоў, якія могуць застацца без свайго жылля, лічаць, што ўлада адстойвае свае інтарэсы з дапамогай фальсіфікацый. Людзі шукалі праўды праз міліцыю, аднак іх довады, згодна з адказам органаў унутраных спраў, не пацвердзіліся.

У верасні гэтага года «заслонаўцы» падалі калектыўную заяву аб узбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні да “Будтрэста №12» і Магілёўскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры за падробку дакументаў.

На думку жыхароў, на «некаторых паперах, якія прадставілі чыноўнікі ў суд па статусе дамоў, былі выпраўленыя першапачатковыя дадзеныя. А «Будтрэст» увогуле спрабаваў даказаць сваю правату пры дапамозе дадзеных 1973-га года, якія былі надрукаваныя на бланках 1974 года выпуску».

– На нашу справа паставілі маладога следчага аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, які не разабраўся з дадзенымі, якія мы прадставілі. Як потым высветлілася, у яго ёсць эканамічная адукацыя, але няма юрыдычнай – ён толькі паступіў на першы курс юрфака завочна. Калі мы пачалі паказваць усё, што ў нас ёсць, стала ясна, што ён проста не можа разабрацца ў такой колькасці папер. Тады мы схадзілі на асабісты прыём да начальніка Ленінскага РАУС Шчарбакова і папрасілі падключыць да расследавання спецыялістаў па жыллёва-камунальнай гаспадарцы, – распавяла Ларыса Ишчэйкіна, лідар «заслонаўцаў».

Па словах жанчыны, палкоўнік першапачаткова са спачуваннем паставіўся да іх праблемы. Ён прыняў заяву, у якой жыхары дамоў папрасілі запатрабаваць дакументы гарвыканкама аб змене статусу.

Аднак 14 кастрычніка “заслонаўцам” прыйшоў адказ – АБЭЗ не займаецца вызначэннем статусу жылых памяшканняў. Іх заява аб узбуджэнні крымінальнай справы была разгледжана ўсяго толькі як зварот грамадзян.

– Потым мы даведаліся, што гэта УУС Магілёўскага аблвыканкама вызначыла наша заяву, як зварот грамадзян. Мы спрабавалі падчас асабістай сустрэчы растлумачыць начальніку АБЭЗ, што ў нас была менавіта заява аб узбуджэнні крымінальнай справы, а не зварот, што мы прасілі АБЭЗ ня вызначыць статус будынкаў, а расследаваць падробку дакументаў. Аднак яны палічылі, што нашы довады не пацвердзіліся. Мы хацелі азнаёміцца з матэрыяламі справы, аднак нам адмовілі – зноў жа таму, што ў нас, нібыта, усяго толькі зварот грамадзян, а не заяву, – паведаміла Ишчэйкіна.

Зараз жыхары дамоў па Заслонава і Будаўнікоў рыхтуюць скаргу ў пракуратуру.