Пры гэтым суд знайшоў у пратаколе аб затрыманні Станіслава Паўлінковіча шматлікія недахопы.
28 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Станіслава Паўлінковіча затрымалі яшчэ 12 верасня, калі ён збіраўся на мітынг «За Свабодныя Выбары», арганізаваны палітыкам Мікалаем Статкевічам па выніках парламенцкай кампаніі.
Як пазначыў Паўлінковіч, яго спачатку высочвалі два супрацоўнікі міліцыі, пасля чаго затрымалі і павезлі ў Ленінскі РАУС.
– Па дарозе яны пыталіся мяне пра герб «Пагоня», які быў у мяне на майцы, што ён значыць. Мяне здзівіла, што людзі, якія хадзілі ў школу і ў якіх на падручніках гісторыі быў герб “Пагоня”, не ведаюць яго значэння, – напісаў у Facebook Станіслаў.
Па словах хлопца, з ім доўга размаўляў намеснік начальніка РАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі раёна Юрый Калацілкін, які пытаўся ў яго пра палітычныя погляды, задаваў пытанні, навошта Паўлінковіч збіраўся ў Менск і што б ён рабіў на плошчы.
Станіслаў заяўляе, што яго пратрымалі ў РАУС шэсць гадзінаў замест звычайных трох. За гэты час маёр Яўген Слаўнікаў склаў пратакол правапарушэння, у якім пазначыў, што Паўлінковіч публікацыяй на сваёй старонцы «Вконтакте» ад 1 верасня парушыў артыкул 8 Закона Рэспублікі Беларусь аб масавых мерапрыемствах і арт. 23.34 КаАП, паколькі заклікаў да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі.
Адзначым, што запіс на старонцы з’яўляецца толькі перапостам са старонкі палітыка Мікалая Статкевіча.
– Мне прапаноўвалі напісаць распіску аб тым, што я сапраўды размяшчаў інфармацыю ў сацсетках, але без злога намеру. Мне паабяцалі, што тады мне не будзе штрафу і не будзе суда. Але я адмовіўся, бо лічу, што людзі маюць права па Канстытуцыі выказваць сваё меркаванне, – лічыць Станіслаў Паўлінковіч.
Справа была перададзеная ў суд Ленінскага раёна, але працэсу пакуль не было. Выконваючая абавязкі старшыні суда Валянціна Лапаціна 20 верасня адправіла пратакол назад у Ленінскі РАУС на дапрацоўку з-за шматлікіх недахопаў.
Адзначым, што маёр Слаўнікаў і падпалкоўнік Калацілкін прымалі актыўны ўдзел у адміністрацыйным працэсе супраць праваабаронцы Валадара Цурпанава. Тады пратакол, складзены Яўгенам Слаўнікавым, тройчы адпраўляўся на дапрацоўку. У выніку, віну Цурпанава прызналі нязначнай.