У ліцэі БРУ расійскія грамадзяне выбіралі дэпутатаў Дзярждумы ад акругі Самарскай вобласці.

18 верасня. Магілёў. Ліцэй БРУ. Алесь Святліцкі


Участкі для галасавання па выбарах дэпутатаў Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі адкрыліся 18 верасня ў двух гарадах вобласці – Магілёве і Бабруйску. Галасаванне ў рэгіянальным цэнтры праходзіла з 8.00 да 20.00 ў ліцэі Беларуска-Расійскага універсітэта, дзе размясціўся выбарчы ўчастак №8047.

img_1955

Згодна з расейскім ЦВК, ён адносіўся да Краснаглінскай акругі №160 Самарскай вобласці. Адпаведна, прагаласаваць грамадзяне Расіі ў Магілёве маглі толькі за тых кандыдатаў, якія вылучаліся ў ёй – усяго 12 чалавек.

Таксама галасуючым выдаваўся другі бюлетэнь – там ужо трэба было прагаласаваць па партыйных спісах за адну з партый. У гэтым асаблівасць выбараў у расійскі парламент ў 2016 годзе – палову месцаў зоймуць дэпутаты аднамандатных акругаў, другую палову – дэпутаты, за чыі партыі прагаласавала большасць.

img_1952

Ліцэй БРУ з нагоды выбараў ўпрыгожылі адпаведнай сімволікай. На ганку стаялі калонкі, у якіх гучала група Любэ ды народныя рускія песні. Над уваходам ўсталявалі расійскі трыкалор. Ўчастак для галасавання знаходзіўся на другім паверсе. Па суседстве з ім размяшчаўся буфет. На самім участку прысутнічала старшыня камісіі, сакратар і два назіральнікі. Выбаршчыкаў не было, хоць дзве празрыстых скрыні для галасавання былі запоўненыя амаль напалову.

– Выбары праходзяць спакойна, у нас ужо было досыць шмат чалавек. Паколькі нашых суграмадзян многа вучыцца тут, адпачывае ў санаторыях, то яўка высокая, я б сказала. Прыходзілі галасаваць, у асноўным, у першай палове дня. Нейкіх пазаштатных сітуацый не было, парушэнняў таксама. Скрыні празрыстыя, усё відаць, назіральнікі прысутнічаюць, – паведаміла карэспандэнту MSPRING.ONLINE старшыня ўчастковай камісіі №8047 Маргарыта Навадворская. Даць больш інфармацыі, а таксама сфатаграфаваць ўчастак для галасавання яна не пагадзілася, спаслаўшыся на адсутнасць акрэдытацыі ў нашага журналіста.

wp_20160918_003

За паўгадзіны чакання каля ўчастка нам удалося пагутарыць толькі з адным расійскім выбаршчыкам, мужчынам сарака гадоў, які прадставіўся Аляксандрам:

– Ну, ведаў што выбары, сам жыву ў Магілёве, працую ў Падмаскоўі. На выходных тут, вырашыў схадзіць прагаласаваць. Кандыдатаў не ведаю. Прагаласаваў за таго, хто быў ад «Адзінай Расеі». Яны неяк канкрэтна пра ўсё кажуць і ў мяне няма сумневаў, што яны падтрымліваюць менавіта Расію. Там жа Мядзведзеў галоўны, я за яго галасаваў на прэзідэнцкіх выбарах яшчэ тады. Жонка ў мяне таксама з расійскім пашпартам, але яна галасаваць не пайшла, – распавёў ён. Сфатаграфавацца Аляксандр адмовіўся.

На момант напісання матэрыялу ў Самарскай-Краснаглінскай акрузе №160 было апрацавана 89,39% пратаколаў УВК. Зыходзячы з папярэдніх дадзеных, пераможцам стаў член «Адзінай Расеі» Віктар Казакоў (65%), другое месца – у члена КПРФ Аляксея Лескін, трэцяе – у Рамана Сінельнікава з ЛДПР.