Кандыдаты ў дэпутаты, назіральнікі і адзін член участковай выбарчай камісіі зладзілі дыскусію па выніках электаральнай кампаніі.

18 верасня. Магілёў. Грамадскі цэнтр «Кола». Алесь Святліцкі


У грамадскім цэнтры “Кола” 18 верасня сабралася амаль тры дзесяткі чалавек. Першымі выступілі два кандыдата ў дэпутаты. Аляксандр Ірхо вылучаўся ад партыі левых «Справядлівы свет» па Магілёўскай-Сельскай акрузе №88. Ён набраў каля 3% галасоў. Пераможцам па яго акрузе стаў кандыдат ад ліберальна-дэмакратычнай партыі Анатоль Хищенко.

img_1933

Аляксандр Ірхо

– Я не ў першы раз удзельнічаў у выбарах. Тыя людзі, якія былі ў складах выбаркамаў падчас мінулых перадвыбарных кампаній, тыя ж самыя людзі былі і цяпер. Вынікі выбараў я ведаў задоўга да іх канца. Калі я вылучыўся, мне сказалі, што спачатку трэба было ўзгадніць гэта з Магілёўскім райвыканкамам. У выніку выйграў кандыдат Анатоль Хишчанка ад спустошанай фірмы «Вейна». Да выбараў я неяк прасоваў адну дзяўчынку на «Еўрабачанне», ведаю тэхналогію прасоўвання асобы ў грамадстве, і па гэтай тэхналогіі я павінен быў набраць 12-14 тысяч галасоў. На жаль, мне напісалі 1900-2000. Як не было выбараў, так і няма, – заявіў Ірхо.

 

Відэа дэбатаў з удзелам Ірхо і Хішчанкі

Рыгор Кастусёў, кандыдат у дэпутаты па Шклоўскай акрузе №90 пагадзіўся са словамі Ірхо, адзначыўшы, што вопыт папярэдніх выбараў вымушаў чакаць ад уладаў выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на выбарах.

– Зразумела, што калі на выбары вылучылі памочніка прэзідэнта па Брэсцкай вобласці Гобарава, то менавіта ён і павінен быў стаць дэпутатам. Пры гэтым чалавек не сышоў на час кампаніі ў адпачынак, як таго патрабуе заканадаўства, а нават прыняў удзел у рабочай паездцы Лукашэнкі па Брэсцкай вобласц. Мая скарга на гэта ніякага эфекту не мела, на жаль. Я ведаю раён, як свае пяць пальцаў, ведаю людзей – Гобараў ня карыстаўся там папулярнасцю. Але яго прызначылі пераможцам. Усім зразумела, што гэта за выбары і як яны праходзяць, – сказаў Рыгор Кастусёў.

img_1930

Барыс Вырвіч

Пасля яго слоў кіраўнік рэгіянальнага аддзялення БАЖ і куратар сустрэчы Барыс Вырвіч запярэчыў, што нягледзячы на адсутнасць выбараў, самі кандыдаты асаблівай актыўнасці не праявілі.

– Я сачыў за тым, што адбывалася на выбарах, і я нідзе не бачыў, каб кандыдаты ад апазіцыі неяк стараліся праявіць сябе. Амаль нікога не было відаць, – заявіў Вырвіч.

– Каб было відаць, патрэбныя сродкі, трэба досыць шмат рэсурсаў і сіл, – парыраваў Кастусёў.

– Сваімі дзеяннямі вы легітымізуеце ўладу. Кожны раз выбараў няма, кожны раз вы ўдзельнічаеце. А потым плачаце, што сродкаў няма. Правільна, што няма. Калі выбараў няма – значыць не трэба ў іх удзельнічаць, – выказаўся удзельнік сустрэчы, эканаміст Пётр Мігурскі.

img_1946

Петр Мігурскі

Дыскусія расцягнулася практычна на тры гадзіны. За гэты час удзельнікі прыйшлі да высновы, што выбараў, як інструмента дэмакратыі, у Беларусі дагэтуль няма, а апазіцыя, па шэрагу прычын, знаходзіцца ў вельмі слабым стане. Зрэшты, адзін з дэпутатаў Магілёўскай вобласці да намінальнай апазіцыі ўсё-такі адносіцца – Анатоль Хішчанка. Старшыня участковай выбарчай камісіі Брылеўского ўчастка для галасавання №13 Мікола Яцкоў распавёў, што пераможцам замест Хішчанкі мог і павінен быў стаць іншы чалавек.

– Не было Хішчанкі спачатку, не было. Была толькі намеснік дырэктара адной з мясцовых школ Наталля Тарасенка. Але потым з Мінска прыйшло, што патрэбен Хішчанка. Яе папрасілі і яна пагадзілася. Наколькі я ведаю ад сваёй крыніцы, спачатку ў раёне не ведалі, што рабіць. Яны выйшлі на аблвыканкам і прама сказалі, што калі Тарасенка будзе ўдзельнічаць, яна пераможа. У выніку яе ўгаварылі зняць сваю кандыдатуру. Перад Хішчанкай проста расчысцілі дарогу. Я суджу пра гэта ўсё па сваёй інфармацыі, – сказаў Яцкоў.

Удзельнікі сустрэчы пагадзіліся, што беларуская ўлада, нягледзячы на ўсе спробы пераканаць заходніх назіральнікаў у сумленнасці выбараў, пакуль не можа абысціся без фальсіфікацый. Дыскусія таксама агаліла праблему актыўнасці апазіцыі ў міжвыбарны час. Рашэння гэтаму знойдзена так і не было.