Магілёўскае спецвучылішча закрытага тыпу №2 дрэваапрацоўкі аддалі пад «патранаж» Духоўна-асветніцкага цэнтра імя Каніскага.
Да праваслаўнага цэнтра далучыліся адыёзныя лідары ветэранскай арганізацыі. Атрымаўся дзіўны сімбіёз мерапрыемстваў: ветэраны неахвотна, але гавораць пра рэлігію, а рэлігійныя дзеячы — пра патрыятызм.
Нагадаем, Магілёўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу №2 дрэваапрацоўкі — гэта спецустанова, прызначаная для сацыяльнай рэабілітацыі, выхавання і навучання падлеткаў, якія здзейснілі грамадска небяспечныя ўчынкі. У вучылішча накіроўваюцца хлопчыкі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў на тэрмін да 2 гадоў.
Скандальную вядомасць спецустанова атрымала восенню 2017 года, калі Следчы камітэт затрымаў дырэктара вучылішча і двух яго намеснікаў за жорсткае збіццё падлеткаў, якія спрабавалі здзейсніць уцёкі. Крымінальная справа тады скончылася абвінаваўчымі прысудамі.
З мая гэтага года МДСПТВ №2 пачало дапускаць на сваю тэрыторыю актывістаў ветэранскай арганізацыі пад эгідай мерапрыемстваў, арганізаваных Духоўна-асветніцкім цэнтрам імя Георгія Каніскага. Заяўленыя лекцыі пры гэтым не адпавядаюць рэальнаму зместу.
Так, для фарміравання ў выхаванцаў каштоўнаснага стаўлення да мацярынства, сям’і і духоўнай спадчыны Беларусі ў спецвучылішчы правялі «духоўную гасцёўню» пад назвай «Пад Пакровам Багародзіцы: незгасальная лампада жаночай душы», на якую запрасілі дэпутатку Палаты прадстаўнікоў, перакананую камуністку Наталлю Тарасенку. Сама дакладчыца, сябра праўладнай КПБ, прысвяціла выступленне Году беларускай жанчыны і гаварыла зусім пра іншае — пра ролю жанчын у Вялікай Айчыннай вайне.

Праз тыдзень, 17 чэрвеня, у вучылішча «з мэтай захавання гістарычнай памяці», як ён сам лічыць, прыбыў ветэран вайны ў Афганістане, старшыня Савета Кастрычніцкай раённай арганізацыі ветэранаў, палкоўнік у адстаўцы Пётр Мудрагелаў. Ветэран гаварыў выключна пра падзеі сваёй службы ў 1984–1986 гадах, але мерапрыемства пад эгідай цэнтра Каніскага было названа «Дыялог пакаленняў: святая вернасць абавязку і гонару» з анансаванай тэмай хрысціянскай веры на вайне.
А 23 чэрвеня выхаванцаў спецПТВ проста завезлі ў храм аграгарадка Вейна, дзе настаяцель Мікалай Астапчук расказаў падлеткам пра праваслаўнае разуменне шлюбу і сям’і. Усе мерапрыемствы былі праведзеныя ў спецустанове закрытага тыпу згодна з планам-графікам Духоўна-асветніцкага цэнтра імя Георгія Каніскага, аднак на якім узроўні ён быў узгоднены, застаецца нявысветленым. Цяпер дырэктарам МДСПТВ №2 з’яўляецца Віталь Лебедзеў.