Праз недахоп працаўнікоў на сельгаспрадпрыемствах раёна туды даводзіцца накіроўваць «шэфскую дапамогу» ад працоўных калектываў горада.

Найменш занятымі, як палічылі ў райвыканкаме, аказаліся работнікі раённай бібліятэкі і кінавідэасеткі сектара культуры райвыканкама — іх адправілі ў ААТ «Чэрыкаў Агра» на МТК «Латышчына». Прадстаўнікам культурнай сферы давялося бяліць сцены жывёлагадоўчай фермы, чысціць клеткі для цялят і ўладкоўваць сянажныя ямы.

Адначасова працаўнікі райаддзела адукацыі і Чэрыкаўскага ўчастка паштовай сувязі адпрацавалі ў КСУП «Язерскі». Падобная шэфская дапамога стане пастаяннай у гэтым сезоне, чаго не хаваюць мясцовыя ўлады. Каб не праваліць уборачную кампанію, на розных прадпрыемствах горада фарміруюцца групы для дапамогі аграрыям. Заробак за адпрацаваныя дні будзе налічвацца па асноўным месцы працы.