Інцыдэнт здарыўся на выходных на трасе Смаленск — Мсціслаў, на КПП Коськава — Клюкіна.
Расійскія памежнікі абгрунтавалі сваё рашэнне тым, што ў Расіі дзейнічае забарона на вываз паліва за мяжу, таму ў дадатковай каністры павінна быць не больш за 10 літраў паліва. Пры гэтым вываз бензіну і дызелю з Беларусі ў Расію нічым не абмежаваны, што ўжо прывяло да дэфіцыту каністраў у прыгранічных раёнах.
Адзначым, што выпуск 20-літровых каністраў са штампаванай сталі ажыццяўляецца высілкамі папраўчых калоній. Так, на гэтым вырабе спецыялізуецца ПК-8 у Воршы.
У каталогу прадукцыі прамзоны калоніі замест кошту з’явіўся надпіс «кошт удакладняйце». На інтэрнэт-пляцоўках кошты на іх выраслі да 60 еўра ў эквіваленце, што прыкладна ў чатыры разы вышэй за рэальную лічбу.

Акрамя таго, мінулыя выходныя вызначаліся незвычайнымі чэргамі. На галоўным КПП «Чырвоная Горка» на трасе М1 Мінск — Масква даводзілася чакаць да 5 гадзін. У самы пік адбыўся інцыдэнт, калі людзі выйшлі з машын і сталі жывой загародай, каб не прапускаць фуры, якія перастройваліся ў паласу для легкавых аўтамабіляў. Памежнікі адкрылі для легкавікоў адразу тры паласы.
Усе, хто перасякаў мяжу, сведчаць, што на ўсіх КПП даводзілася абавязкова падаваць пашпарты ў акенца памежнага пункта для сканавання дакумента пры ўездзе ў Расію. Аднак упершыню быў зафіксаваны і выпадак, калі беларускія мытнікі падверглі легкавы аўтамабіль дагляду з сабакам пры ўездзе ў Беларусь. Іх перасоўны пункт, мікрааўтобус, стаіць на ўзбочыне недалёка ад КПП.
Праблемы з палівам найбольш крытычныя на трасе Санкт-Пецярбург — Полацк. Заправіцца можна толькі да гарадка Луга, а далей у Пскоўскай вобласці паліва проста фізічна няма нідзе. Напрыклад, у Невелі няма ні бензіну, ні дызелю ўжо пяць дзён. У кірунку Масквы сітуацыя становіцца горшай пры набліжэнні да расійскай сталіцы. Часта на рэкламнай мачце цэннікі не адключаныя і заяўлена, што бензін ёсць, але самі калонкі не працуюць «па тэхнічных прычынах».