Журналіста і праваабаронцу не пусцілі на тэрыторыю Германіі пасля вылету з Малдовы. Прычынай назвалі забарону на знаходжанне ў зоне ЕЗ, якую Польшча наклала ў красавіку 2026 года.
Нагадаем, у 2021 годзе Польшча ўжо накладала такую ж забарону на Буракова, у выніку чаго ён не меў права ўязджаць у зону ЕЗ аж да 2026 года. Тады ж журналісту і праваабаронцу давялося выехаць з Беларусі праз пагрозу рэпрэсій спачатку ў Грузію, а потым у Малдову, дзе ён атрымаў статус уцекача.
На працягу ўсіх пяці гадоў Буракоў пры дапамозе адвакатаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў спрабаваў высветліць прычыну забароны на ўезд з боку польскіх уладаў, аднак у выніку ў тлумачэннях яму было адмоўлена.
У сакавіку 2026 года тэрмін забароны скончыўся. 13 красавіка Буракоў атрымаў пацвярджэнне, што цяпер ён мае права знаходзіцца ў Еўразвязе.
4 чэрвеня журналіст вылецеў з Кішынёва ў Берлін, аднак нямецкія памежнікі адмовіліся ўпускаць яго на тэрыторыю Германіі. Паводле іх словаў, ніякіх праблем з дакументамі ў Аляксандра Буракова не было. Высветлілася, што праблема ў чарговай забароне з боку польскіх уладаў. Як патлумачылі нямецкія памежнікі, 16 красавіка Польшча зноў увяла забарону на наведванне зоны ЕЗ для Буракова — да 2031 года. Прычыны гэтай забароны, як і мінулай, журналісту і праваабаронцы невядомыя.