Ад аўтаперавозчыкаў стала вядома, што цяпер траса А240, яна ж М13, у Бранскай вобласці перакрытая ў раёне развілкі на райцэнтр Клінцы. Увесь транспарт накіроўваюць у аб’езд па маршруце Клінцы — Сураж — Почап.

Таксама ў зваротным кірунку перакрыты 90-кіламетровы ўчастак той жа трасы А240 на адрэзку Казарэзаўка, раён горада Почап, — Смотрава Буда, каля Клінцоў. Пры гэтым Клінцоўскі і Почапскі раёны не з’яўляюцца памежнымі з Украінай. Траса размешчаная за 50–70 км ад мяжы.

Нагадаем, 17 чэрвеня аўтобус з дзіцячай футбольнай камандай з Беларусі трапіў пад абстрэл дронаў у Бранскай вобласці. Загінула жанчына, якая суправаджала каманду. Яшчэ шэсць чалавек, у тым ліку чацвёра дзяцей, атрымалі раненні. Група дзяцей ехала на зборы і адпачынак у расійскі Геленджык.