Такая пагроза ёсць – вяртацца ў Беларусь дзецям з “Артэка” можа быць небяспечна.

Улады акупаванага Расіяй Крыма прызнаюць, што пасля атак на лагістычныя шляхі і масты, праз абмежаванне палётаў у рэгіён і катастрафічны недахоп паліва, якое прадаецца па талонах і QR-кодах, лагістыка заезду і выезду дзяцей моцна ўскладніцца. Самастойны трансфер удзельнікаў змен немагчымы.

З 29 траўня ў Міжнародным дзіцячым цэнтры «Артэк» пачалася шостая змена «Віват, Расія! Віват, Артэк!», куды з’ехаліся 3500 дзяцей з усіх рэгіёнаў РФ і 13 замежных краін, сярод якіх асобна пазначана Беларусь. У мінулую змену з нашай краіны была рэкордная колькасць удзельнікаў сярод замежнікаў. Змена скончыцца 18 чэрвеня, але як дзеці будуць выязджаць з Гурзуфа, пакуль незразумела.

Сітуацыя стала яшчэ больш нервовай на тле апошніх навін: у Бранскай вобласці Расіі аўтобус з дзіцячай футбольнай камандай з Беларусі трапіў пад абстрэл дронаў. Беспілотнік трапіў у аўтобус з дзецьмі з ДЮСШ №2 з Рэчыцы, якія ехалі на адпачынак у Геленджык (Краснадарскі край РФ). У выніку чацвёра дзяцей былі параненыя, а жанчына, якая іх суправаджала, загінула.

За дзень да гэтага, 16 чэрвеня, адміністрацыя «Артэка» прызнала вялікую колькасць трывожных зваротаў ад бацькоў дзяцей і была вымушаная распаўсюдзіць афіцыйнае паведамленне, у якім гаворыцца пра раз’езд паводле планавых дат у штатным рэжыме:

«Усе дзеці змены будуць арганізавана суправаджацца з тэрыторыі “Артэка” да пунктаў адпраўлення ў пункт прыбыцця супрацоўнікамі цэнтра».

Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці, невядома.