4 чэрвеня журналіст і праваабаронца з Магілёва Аляксандр Буракоў быў затрыманы ў аэрапорце Берліна. Як ён паведаміў MSPRING.MEDIA, яго не пусцілі на тэрыторыю Германіі пасля вылету з Малдовы.

Прычынай назвалі забарону на знаходжанне ў зоне ЕС, якую Польшча наклала ў красавіку 2026 года.

У 2021 годзе Польшча ўжо накладала такую ж забарону на Буракова, у выніку чаго ён не меў права ўязджаць у Еўрасаюз аж да 2026 года. На працягу ўсіх пяці гадоў Буракоў пры дапамозе адвакатаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў спрабаваў высветліць прычыну забароны на ўезд з боку польскіх уладаў, аднак у выніку ў тлумачэннях яму было адмоўлена.

У сакавіку 2026 года тэрмін забароны скончыўся. 13 красавіка Буракоў атрымаў пацверджанне, што цяпер ён мае права знаходзіцца ў Еўразвязе. 4 чэрвеня журналіст вылецеў з Кішынёва ў Берлін, аднак нямецкія памежнікі адмовіліся ўпускаць яго на тэрыторыю Германіі. Як высветлілася, 16 красавіка Польшча зноў увяла забарону на наведванне зоны ЕЗ для Буракова — да 2031 года. Прычыны гэтай забароны, як і мінулай, журналісту і праваабаронцы невядомыя.

Ён паведаміў MSPRING.MEDIA, што Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала запыт аб умяшальніцтве Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ ў сувязі з паўторнай забаронай на ўезд. Паводле яго слоў, адсутнасць тлумачэнняў з боку Польшчы, адмова раскрываць прычыны забароны і наступная немагчымасць уезду на тэрыторыю краін Шэнгенскай зоны наўпрост уплываюць на яго журналісцкую дзейнасць.

Падобны запыт Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама накіравала Спецыяльнаму дакладчыку ААН.