Гісторык Ігар Марзалюк ездзіць па краіне з прэзентацыяй новай кнігі, у якой бел-чырвона-белы сцяг называецца сімвалам калабарацыянізму з нацыстамі. На сустрэчы з ім людзей адпраўляюць па разнарадцы.

У Магілёве такое мерапрыемства прайшло ў канцы красавіка. Прэзентацыю кнігі «Кроў на белым тле» зладзілі ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, куды арганізавана сабралі кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні і начальнікаў аддзелаў па ідэалогіі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

Што важна, супрацоўнікаў навучальных устаноў пры гэтым абавязалі набыць кнігу аўтара. Такім чынам, доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк забяспечвае сабе дадатковы заробак.

Кнігу «Кроў на белым тле» Ігар Марзалюк пісаў пяць гадоў. Упершыню яе прэзентацыя прайшла ў лютым у Нацыянальнай бібліятэцы і суправаджалася анатацыяй:

«Ігар Марзалюк дэталёва, крок за крокам паказвае, якія злачынствы чынілі здраднікі беларускага народа пад бел-чырвона-белым сцягам».

На прэзентацыі аўтар заявіў, што «ў Фабіяна Акінчыца — правадыра беларускіх нацыстаў — быў свой Сорас, толькі яго называлі Розенбергам». Слухачам ён расказвае, што ў Беларусі было мала калабарацыяністаў, але пра іх трэба памятаць сёння, «калі пад выглядам разбурэння і дэмантажу савецкай міфалогіі нам прапануюць калабарацыянісцкую, крыптанацысцкую версію “беларускай” гісторыі Другой сусветнай вайны вачыма паліцаяў».

Магілёўцы, якія ведалі Ігара Марзалюка ў 90-я гады, нагадваюць, што свае першыя працы таленавіты малады гісторык выдаваў пры падтрымцы Фонду Сораса, а сваёй задачай ставіў даказаць, што Магілёву больш за 1000 гадоў. Але часы змяніліся.